Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч ізноў абяцае зрабіць расейскую мову дзяржаўнай


Сёньня пачынаецца візыт у Расею прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Напярэдадні кіраўнік Украіны зрабіў некалькі сэнсацыйных заяваў, ён паабяцаў, што расейская мова бліжэйшым часам стане другой дзяржаўнай у краіне і ня выключыў правядзеньня рэфэрэндуму аб далучэньні краіны да Эўразійскага саюзу на чале з Расеяй.

Украіна бліжэйшым часам прыме закон аб дзьвюх дзяржаўных мовах — украінскай і расейскай. Пра гэта прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў у інтэрвію ІТАР-ТАСС напярэдадні візыту ў Маскву.

«У гэтым зацікаўленая Ўкраіна, у гэтым зацікаўленыя людзі, у гэтым зацікаўленае насельніцтва, якое размаўляе ў асноўным на дзьвюх мовах — на ўкраінскай і на расейскай», — адзначыў Януковіч.

Ён прызнаў, што «былі пэрыяды ў дзяржаве, калі дапускаліся перакосы ў моўных праблемах». Аднак цяпер, перакананы Януковіч, гэтай праблемы ва Ўкраіне не існуе і тое, што «цяпер прапануюць людзі для таго, каб нам не распальваць зноў гэтае пытаньне, якое ўзьнікае ад выбараў да выбараў, трэба гэтае пытаньне адрэгуляваць». «Але трэба, вядома, абавязкова гэтае пытаньне адрэгуляваць на заканадаўчым узроўні», — указаў прэзыдэнт.

У гэтай сувязі ўкраінскі лідэр прывёў у прыклад сусьветную практыку", шмат эўрапейскіх краін маюць дзьвюхмоўе, тры дзяржаўныя мовы і жывуць нармальна, спакойна«.

«Таму мы пайшлі па гэтым шляху. Гэта значыць, выкарыстоўваючы гэтую практыку, якая ёсьць у Эўропе, дзе прынятая Хартыя аб мовах», — сказаў В. Януковіч. Наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай фігуравала ў сьпісе перадвыбарчых абяцаньняў Януковіча на выбарах у 2010 годзе. Аднак дагэтуль яно не было выканана.

Віктар Януковіч ня выключыў, што адбудуцца зьмены ў Канстытуцыі альбо праведзены ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб ўступленьні Ўкраіны ў Эўразійскі саюз.

У інтэрвію тэлеканалу «Расея-24» ён заявіў, што Украіна пакуль не гатовая даць канкрэтны адказ пра свой удзел у саюзе. «Мы прыглядаемся зараз да гэтага эканамічнага ўтварэньня», — сказаў ён.

«Мы не былі ўдзельнікамі падрыхтоўкі гэтых дакумэнтаў, і мы не гатовыя сёньня сказаць, наколькі яны адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам», — адзначыў прэзыдэнт.

Акрамя таго, паводле яго Ўкраіна будзе глядзець на «хаця б першапачатковы вынік, па якім можна будзе даць ацэнку, што гэта дае дзяржавам, як гэта ўплывае на сувэрэнітэт».

Януковіч адзначыў, што часта гучыць пытаньне аб тым, што стварэньне наднацыянальных органаў пазбавіць Украіну нейкай часткі сувэрэнітэту.

«І гэта забаронена Канстытуцыяй. Каб гэтае пытаньне практычна вырашаць, ёсьць розныя спосабы. Гэта зьмяненьне Канстытуцыі ў парлямэнце, магчыма, правядзеньне рэфэрэндуму ўсеўкраінскага, і г.д. Але гэта ўжо спосаб. Але каб пайсьці па гэтым шляху, трэба быць перакананымі, і бачыць вынік », - адзначыў прэзыдэнт.

«Трэба быць перакананым, таму што, напэўна, гэтаму інтэграцыйнаму шляху будуць перашкаджаць апанэнты, палітычныя сілы розныя, якія будуць уплываць на грамадзтва. Напрыклад, калі гэта будзе рэфэрэндум, будуць два пункты гледжаньня, і людзі будуць глядзець, а які ж зь іх найбольш прывабны або правільны », - сказаў Януковіч
XS
SM
MD
LG