Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымон-музыка ў Гарадзенскім замку


Удзельнікі пастаноўкі «Сымона-музыкі» у Гарадзенскім драматычным тэатры.

Удзельнікі пастаноўкі «Сымона-музыкі» у Гарадзенскім драматычным тэатры.

У Гарадзенскім драмтэатры ў выходныя адбылася прэм’ера «Сымона-музыкі» Якуба Коласа.

Паставіў спэктакль адзін з актораў — Сяргей Курыленка, афармляў — галоўны мастак тэатру Алесь Сураў.

Пастаноўка ажыцьцёўлена ў традыцыйнай манэры. У масавых сцэнах вылучаліся ігрой жанчыны, мужчыны болей раскрыліся падчас пагулянкі ў карчме. Яскравай была сцэна ў замку ў сярэдзіне спэктаклю. Нечакана апусьцілася вялікае палатно з выявай Гарадзенскага замку на пагорку. Якуб Колас у сваім творы меў на ўвазе замак Нясьвіскі, у сваіх родных мясьцінах, хаця не называў яго. Танцы ў замку расквецілі спэктакль, у якім мова пра няпросты лёс сялянскага музыкі. У самой паэме якраз у замкавых сцэнах ёсьць сьціслая абмалёўка бесклапотнага жыцьця паноў: «Уміраць ім тут ня трэба: ім тут рай і ім тут неба», «А паны сабе балююць, п’юць заморскае віно — для іх робіцца яно...» Аднак час спэктаклю абмежаваны, гэта не дазваляе выкарыстаць твор напоўніцу.

Якуб Колас імкнуўся сказаць у паэме аб лёсе ўсіх беларусаў: «Зашчымела сэрца болем: зноў чыясь чужая воля, улада новых абцугоў!» Гэтае пасланьне пісьменьніка таксама гучыць у спэктаклі, але трошку загучным здаецца музычны фон, калі акторы дэклямуюць радкі з паэмы, таму гледачу даводзіцца напружваць слых.

Вылучаецца ў спэктаклі Васіль Прабадзяк — вядучы актор сцэны, запрошаны зь лялечнага тэатру. Ягоная роля жабрака адносна невялікая, ён пакідае сцэну, але іншыя акторы імкнуцца таксама быць пераканаўчымі ў сваіх ролях.

«Сымон-музыка» быў паказаны два разы запар. На другі спэктакль сабраць поўную залю не атрымалася. Магчыма прычына ў тым, што падаражэлі квіткі з дванаццаці тысяч да дваццаці. Звычайна для гарадзенскай публікі ня ёсьць перашкодай тое, што пастаноўка на беларускай мове.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG