Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія СМІ: «Расстрэлы двух беларусаў — спроба справакаваць Эўропу»


Прэзыдэнт, які лічыць, што можа караць сьмерцю тых, хто датычны да сьмерці іншых, сам становіцца адным з забойцаў, піша нямецкая Frankfurter Rundschau.

Паводле аўтара артыкулу, расстрэлы двух маладых беларусаў, асуджаных сьмерцю за тэракт у менскім мэтро 11 красавіка 2011, былі зьдзейсьнены хутка і бязьлітасна. Дыктатар Лукашэнка цынічна праігнараваў усе пратэсты Эўропы. Тое, што тэракт, у выніку якога загінулі 15 чалавек, ёсьць жудасным злачынствам, не выклікае сумненьняў. Але ці гэтыя двое расстраляных сапраўды зрабілі яго? Прэзыдэнт, які лічыць, што можа караць сьмерцю тых, хто датычны да сьмерці іншых, сам становіцца адным з забойцаў. З сваёй пагардай да чалавечага жыцьця ён сам мала адрозьніваецца ад лютага злачынца.

Абодва расстраляныя маглі, напэўна, быць барбарамі. Дыктатар такі дакладна, адзначае Frankfurter Rundschau.

Аўтар камэнтару, які надрукавала выданьне FinanzNachrichten.de, адзначае, што прысудам і папярэднім судовым працэсам над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, Лукашэнка дэманструе краіне, якую ўладу ён мае ў пытаньні жыцьця і сьмерці. Такім чынам ён імкнецца ўмацаваць свае ўнутрыпалітычныя пазыцыі.

Што да эўрапейскіх суседзяў, то яны могуць за гэтым толькі назіраць. Нягледзячы на свае шматлікія санкцыі. Да таго часу, пакуль Расея за Лукашэнку, Захад — бясьсільны. Фінансавая дапамога ў адказ на рэформы? Такая прапанова рабілася ЭЗ часта і — адхілялася. Лукашэнка мог абысьціся безь яе, бо меў падтрымку Масквы. За гэта ён служыць ёй з усёй адданасьцю васала. Скажыце, які яшчэ дзяржаўны дзеяч можа дазволіць сабе зрабіць закід у бок міністра замежных справаў Нямеччыны, што лепш быць дыктатарам, чым гомасэксуалістам?

Расстрэлы двух беларусаў ёсьць спробай справакаваць Эўропу. «Я адзін вырашаю, як я гэтага хачу», нібыта кажа Лукашэнка. Такое стаўленьне кіраўніка дзяржавы немагчымае — асабліва ў цэнтры Эўропы, адзначае нямецкае выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG