Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю закончыўся міжнародны Ляйпцыгскі кніжны кірмаш, дзе сёлета ў цэнтры ўвагі былі Польшча, Украіна і Беларусь. Эмацыйнай кульмінацыяй сталіся вечаровыя суботнія імпрэзы.

У асобнай сэкцыі адной з выставачных заляў на працягу чатырох дзён адбываліся дзясяткі імпрэзаў з удзелам літаратараў і выдаўцоў з трох названых краінаў. Апрача таго, розныя мерапрыемствы адбываліся і па-за кірмашовым комплексам - у Інстытуце Польскім, тэатры “Скала”, на іншых пляцоўках. Акцыі з удзелам беларускіх аўтараў стала зьбіралі поўныя залі і аўдыторыі.

Беларусь на кірмашы прадстаўлялі Сьвятлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Зьміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Артур Клінаў, Марына Напрушкіна і Андрэй Хадановіч.

Паэт і старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч лічыць, што ўвага да Беларусі і беларускай літаратуры сёлета значна ўзрасла ў параўнаньні з папярэднімі кірмашамі. На кірмашы былі прадстаўленыя як выдадзеныя ў Нямеччыне кнігі беларускіх удзельнікаў, так і спэцыяльныя выпускі нямецкамоўных літаратурных часопісаў зь беларускімі публікацыямі, сярод аўтараў якіх - Алесь Разанаў, Сакрат Яновіч, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Віталь Рыжкоў, Віктар Марціновіч ды іншыя паэты і празаікі.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч



Андрэя Хадановіча парадаваў гарачы прыём аўдыторыі:

“Цягам кірмашу я ўдзельнічаў у трох чытаньнях і кожнага разу быў прыемна ўражаны як колькасьцю публікі, так і яе гатовасьцю да слуханьня, дыялёгу, цеплынёй прыёму, інтэлігентнасьцю. Імпрэзы зьбіралі тых, хто даўно цікавіцца культурай нашага рэгіёну, і калі я чытаў нейкія тэксты ці проста прамўляў, часам траціна, а то й палова аўдыторыі жвава адгукалася, не чакаючы перакладу. А празь некалькі сэкундаў да іх далучалася астатняя частка, дзякуючы прафэсійнай працы перакладчыкаў. Відавочна, што пасьля гэтых сустрэчаў аматараў беларускай літаратуры паболела.

Нямецкія арганізатары зрабілі ўсё, каб аўтарам падчас сустрэчаў было максымальна камфортна. Цягам трох чытаньняў мне дапамагала ажно чатыры перакладчыкі. І ўпершыню на Ляйпцыгскім кірмашы мне не прапаноўвалі выступаць па-польску або па-расейску, бо ў Нямеччыне знайсьці беларуска-нямецкага перакладчыка - ужо не праблема”.

Дыяпазон тэмаў дыскусіяў вагаўся ад самых сур’ёзных - пра часам балючыя дачыненьні Беларусі і Ўкраіны з Эўразьвязам - да лёгка-іранічных, калі Андрэй Хадановіч разам з Сяргіем Жаданом і польскім пісьменьнікам Пётрам Семянам разважалі пра будучы чэмпіянат Эўропы па футболе Эўра-2012 і яго магчымы ўплыў на грамадзтва і культуру нашых краінаў. Хадановіч і Жадан агучылі кансьпіралягічную тэорыю, што свой унёсак у развал СССР зрабіў фурор беларускіх і ўкраінскіх футбольных камандаў на пачатку 1980-х.

Эмацыйнай кульмінацыяй суботняга дня зрабіўся міжнародны паэтычны слэм з удзелам паэтаў з чатырох краінаў, якія чыталі на пяці мовах. Тон вечарыне, якая адбылася ў гарадзкім тэатры “Скала”, задаў найлепшы слэмэр Нямеччыны Бас Бётхер. Выбухі сьмеху выклікаў іранічны паляк зь Бірмінгэму Богдан Пясэцкі. Расейскамоўная паэтка з Данбасу Алена Заслаўская зьбіла градус весялосьці вершамі аб жорсткім каханьні на фоне дэпрэсіўных краявідаў украінскага Паўднёвага Ўсходу. Закончыў слэмаўскую частку вечарыны Андрэй Хадановіч, завёўшы залю сваёй пазытыўнай энэргетыкай і крыху чарнаватым беларускім гумарам.

Па заканчэньні слэму адбыўся паэтычна-музычны пэрформанс: знакаміты ўкраінскі паэт Сяргій Жадан чытаў свае вершы пад музыку харкаўскага гурту “Сабакі ў космасе”. Шматнацыянальная публіка проста танчыла пад вершы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG