Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалёвых і Канавалавых «ахоўваюць» міліцыя і спэцслужбы


Кветкі і сьвечка каля кватэры Кавалёвых

Кветкі і сьвечка каля кватэры Кавалёвых

Каля дома Кавалёвых «ахоўнікі» у форме спэцназу зьявіліся мінулым вечарам — калі людзі пайшлі туды са сьвечкамі ды кветкамі.

Аднаго хлопца, кажа сястра Ўладзіслава, Тацяна Козяр, затрымалі ды завялі ў машыну з зацемненымі вокнамі. Потым у сацыяльных сетках зьявіліся зьвесткі, што яго адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Сьвечкі і кветкі нехта паставіў і каля кватэры Кавалёвых у доме № 6 па вуліцы Рэпін.

Але маці пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва, якая 17 сакавіка атрымала афіцыйнае паведамленьне, што прысуд ужо выкананы, дагэтуль ня можа ў гэта паверыць:

«Я ня веру, гэтага душа мая не прымае. Я ведаю, што целы расстраляных не выдаюць сваякам, але я хачу, каб мне аддалі. Раз ужо ўсклалі на яго такі грэх, то няхай аддаюць. Каб я яго пахавала, каб магла б яму хоць кветкі прынесьці, каб людзі прынесьлі — а не так, да пад’езду. І каб міліцыя ды спэцслужбы не хапалі тых, хто йдзе з кветкамі ды сьвечкамі. Вы разумееце, яны нават мёртвага Ўлада баяцца!»



Апазыцыянэр Барыс Хамайда, сусед Кавалёвых, выказвае меркаваньне, што ня выключаны нейкія правакацыі супраць маці расстралянага, бо яна змагалася за свайго сына з дзяржаўнай сыстэмай:

«Стаяць два мікрааўтобусы з танаваным шклом каля дому № 6, ходзяць навокал людзі ў цывільным... За апошні год Любоў Іванаўна Кавалёва стала сымбалем змаганьня за жыцьцё свайго сына, за жыцьцё кожнага з нас... Яна стала сымбалем беларускай жанчыны, беларускай маці. Таму наш абавязак — бараніць яе. Трэба памятаць пра гэта, бо я не выключаю, што супраць яе магчымая нейкія правакацыі».

Барыс Хамайда гаворыць, што бачыў супрацоўнікаў спэцслужбаў і каля дому, дзе жыве сям’я другога пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро. Бацькі Дзьмітрыя Канавалава жывуць пад аховай людзей у цывільным ужо амаль год, як толькі іхнага сына затрымалі па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні тэракту. Людзі ў цывільным суправаджаюць іх на працу і дзяжураць у пад’езьдзе або ў машыне пад вокнамі кватэры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG