Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета прынята праграма «Замкі Беларусі», яна прадугледжвае ў кожным асобным выпадку аднаўленьне помнікаў дойлідзтва або кансэрвацыю, калі мова ідзе пра часткова ацалелыя сьцены ці падмуркі. Мы працягваем тэму аднаўленьня Крэўскага замку: якая небясьпека пагражае старым сьценам пры рэстаўрацыі?

Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» у апошнія гады прыкладаў намаганьні, каб ацалелая частка абарончай пабудовы не разбуралася далей.

Дырэктарка фонду Вольга Сямашка: «Замак толькі нядаўна перадалі на балянс Смаргонскага райвыканкаму, усё ляжала на мясцовым сельсавеце. Уявіце: такі замак і на ўзроўні сельсавету! З 2004 году мы там працуем, са згоды Міністэрства культуры рабілі розныя канструкцыі — на сьцяне, не вежы замку. У канцы 1980-х прыяжджаў у Крэўскі замак бульдозэр, і яны абламалі кавалак сьцяны вежы, каб атрымаць цэглу для гаспадарчых патрэбаў».

У Крэўскім замку захавалася напаўразбураная вежа, існуюць папярэднія пляны часткова яе аднавіць.

Сямашка: «Пытаньне ў тым, як вытрымаюць сьцены, ці не складуцца яны ўнутр? Бо там пагрозьлівая сытуацыя. Каб іх умацаваць, трэба праводзіць археалягічныя раскопы і рабіць жалезную канструкцыю, якая будзе трымаць іх перакрыжавальна».

Бо неабходна будзе, каб вежа мела апірышча, зазначае Вольга Сямашка. Яна выказвае спадзяваньне:

«Мы б вельмі хацелі: калі ёсьць нейкія грошы, каб яны пайшлі на будаўнічыя матэрыялы, каб замацаваць, закансэрваваць гэтыя сьцены. Бо пакуль што з той інфармацыі, што ў інтэрнэце, у СМІ, вынікае, што грошы пойдуць на праектную дзейнасьць. Канкрэтна як будзе рабіцца дапамога самому камню, помніку, пакуль незразумела. Хацелася б, каб усе замкі атрымалі кансэрвацыйную падтрымку, сапраўдную, рукамі майстроў».
Хацелася б, каб усе замкі атрымалі кансэрвацыйную падтрымку, сапраўдную, рукамі майстроў.

А вось што мяркуе, са свайго боку, наконт замкавай вежы сябра фонду «Крэўскі замак» Андрусь Шулаеў:

«Там самая вялікая праблема — гэтая вежа, яе трэба ўмацоўваць. Трэба наймаць сур’ёзных канструктараў, мы, дарэчы, таксама над гэтым працуем. У мяне ёсьць канцэпцыя, як гэта трэба зрабіць. У нас самы вялікі збор гістарычных выяваў з Крэўскім замкам. Мы хочам усё аформіць фондам, каб там былі таксама трохвымяровыя рэканструкцыі, у тым ліку — вежы. Мы хочам перадаць нашыя прапановы па рэстаўрацыі вежы».

Тое, што Крэўскі замак уключаны ў праграму «Замкі Беларусі» — станоўчы момант, лічыць Андрусь Шулаеў, пытаньне ў тым — калі і якія сродкі пойдуць на канкрэтныя працы ў замку:

«Усё роўна вельмі вялікія грошы пойдуць на праект, замку з гэтых грошай нічога не перападзе», выказвае меркаваньне ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG