Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: адзіночны пікет для чатырох міліцыянтаў


Лявонцій Чыпурных згарнуў пікет
Лявонцій Чыпурных згарнуў пікет

Берасьцейскі актывіст партыі левых «Справядлівы сьвет» Лявонцій Чыпурных адмовіўся ад правядзеньня пікету «За даступнае жытло», дазволенага ўладамі.

Пасьля прыезду Лявонція Чыпурных на месца пікетаваньня ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў, яго адразу ж абступілі чатыры міліцыянты. У выніку, пікетоўшчык згарнуў свае плякаты й адмовіўся ад правядзеньня акцыі.

Лявонцій Чыпурных кажа, што ён прыняў такое рашэньне, бо на яго аказваецца ціск:

«Прыехалі гэтыя міліцыянты і абступілі мяне з усіх бакоў. Воддаль чалавек у цывільным на відэа здымае. Гэта яны так псыхалягічна на мяне ўзьдзейнічалі».

Ужо пасьля таго, як пікетоўшчык згарнуўся, міліцыянты зьвярнулі сваю ўвагу на кіраўніцу берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Людмілу Дзенісенка, якая была непадалёк. Спадарыня была ў кашульцы з партыйнай сымболікай і раздавала мінакам партыйныя ўлёткі.

Міліцыянты адвялі спадарыню Дзенісенка да свайго аўтамабіля і ўзялі зь яе пісьмовыя тлумачэньні. Людміла Дзенісенка кажа, што ёй пагражалі штрафам:

«Склалі тлумачальную зь мяне і яшчэ зь пяці чалавек тут прысутных, што я не брыдкасловіла. Сказалі, што калі ў маёй улётцы знойдуць заклікі да зьвяржэньня рэжыму, то празь дзесяць дзён мяне выклічуць і пакараюць штрафам. Карацей, мне не далі дазволу на распаўсюд партыйных буклетаў.»

У час пікету ў парку было каля дваццаці берасьцейцаў, якія гулялі тут са сваімі дзецьмі. Па сьцяжынах парку езьдзіў дзіцячы цягнічок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG