Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран адключаюць ад глябальнай банкаўскай сыстэмы


Адзін з іранскіх банкаў, што патрапілі пад санкцыі

Адзін з іранскіх банкаў, што патрапілі пад санкцыі

17 сакавіка Іран страціць адзін з найважнейшых каналаў, што зьвязваюць краіну з сусьветнай фінансавай сыстэмай, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Таварыства сусьветных міжбанкаўскіх фінансавых тэлекамунікацый, знанае пад скаротам SWIFT, паведаміла, што спыніць супрацоўніцтва з прыблізна двума дзясяткамі іранскіх банкаў, якія падпалі пад санкцыі Эўразьвязу, уключна Цэнтральным банкам краіны.

Сетка SWIFT выкарыстоўваецца ў якасьці асноўнага сродку міжбанкаўскіх пераводаў у пераважнай бальшыні краінаў сьвету.

«Рашэньне ЭЗ змушае SWIFT учыніць адпаведныя захады», — патлумачыў у адмысловай заяве Лазара Кампас, старшыня праўленьня арганізацыі, якая забясьпечвае фінансавыя апэрацыі 10 тысяч банкаў у 210 краінах.

«Адлучэньне банкаў — гэта надзвычайны і беспрэцэдэнтны крок для SWIFT. Гэта — беспасярэдні вынік міжнародных і двухбаковых захадаў у справе ўзмацненьня фінансавых санкцыяў супраць Ірану», — падкрэсьліў ён.

Міжнародная супольнасьць патрабуе, каб Тэгеран спыніў сваю ядзерную праграму, якая, з-за недастатковай празрыстасьці, выклікае падазрэньні ў спробах стварыць ядзерную бомбу. Тэгеран гэтыя закіды адхіляе, і адмаўляецца спыніць распрацоўкі, або даць міжнародным інспэктарам бесьперашкодны доступ да сваіх ядзерных аб’ектаў.

Экспэрты адзначаюць, што адлучэньне ад SWIFT нанясе моцны ўдар па іранскім бізнэсе. У прыватнасьці, экспартэры нафты з гэтай краіны пазбавяцца магчымасьці атрымліваць аплату за свае пастаўкі за мяжу пры дапамозе стандартных банкаўскіх пераводаў.
XS
SM
MD
LG