Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Дубавец, у 1996 годзе рэдактар «Нашай нівы», супрацоўнікам якой быў палітвязень Славамір Адамовіч, прыйшоў у «амэрыканку» і здолеў пераканаць палітвязьня спыніць сухую галадоўку пратэсту.

Соўсь: Сяргей, давайце згадаем 1996 год. Як вы трапілі ў СІЗА КДБ? Якія аргумэнты вы выкарыстоўвалі?

Дубавец: Мяне запрасіў сьледчы Славаміра. Я прыйшоў. Мяне прывялі ў «Амэрыканку», нават зрабілі экскурсію, начальнік гэтай установы павадзіў па паверхах і камэрах. Пасьля я сядзеў у вялікім кабінэце на першым паверсе, прывялі Славаміра. Памятаю, што ён быў зялёны. Пры нашай гутарцы прысутнічалі сьледчы і начальнік турмы. Што я казаў, я ня памятаю, па-першае, таму што гэта стрэсавая сытуацыя і ў ёй гаворыш не па паперцы, па-другое, за даўнасьцю часу такія рэчы сьціраюцца з памяці.

Соўсь: Як бы вы маглі патлумачыць, што пераканала — вашая прысутнасьць, ваш аўтарытэт ці Славамір ужо быў гатовы спыніць галадоўку?

Дубавец: Я думаю, што Славамір быў гатовы. Ён стаяў на краі і гэта быў выбар: або жыць далей, або... Ён зрабіў слушны выбар.

Соўсь: Сёньня ў інтэрвію «Свабодзе» ён сказаў, што яго засмучае тое, што многія сталі занадта часта выкарыстоўваць галадоўку і часам гэта бывае зь ня вельмі крытычных нагодаў. Гэтае частае выкарыстаньне апазыцыянэрамі, рэпрэсаванымі галадоўкі зьніжае яе вартасьць і ўлады ўжо сур’ёзна не ўспрымаюць галадоўку. Ці вы згодныя зь ім?

Дубавец: Я цалкам згодны. Адно хачу дадаць, што ўлады не ўспрымаюць не таму, што галадоўкі занадта частыя і дэвальвуецца іх каштоўнасьць. Дэвальвуецца ў вачах людзей, а ня ўладаў. Што да ўладаў, дык яны проста расчалавечыліся, страцілі вельмі важныя маральныя ўласьцівасьці чалавека, такія як міласэрнасьць і суперажываньне.

Соўсь: Пакуль не заўважна шырокіх акцыяў салідарнасьці з Каваленкам. Пра гэта не хацелася б гаварыць, але калі Сяргей Каваленка памрэ, ці гэта ўзрушыць беларускае грамадзтва, ці ўскалыхне яго, ці будзе мець эфэкт?

Дубавец: Я думаю, што ня ўзрушыць, таму што ў нас няма беларускага грамадзтва. У нас нацыя ў пачатковым стане фармаваньня. І такія рэчы як салідарнасьць сёньня ня дзейнічаюць. Ну а калі здарыцца тое, пра што вы кажаце, дык, на маю думку, гэта зьява сымбалічная. Сяргей Каваленка — такі ж герой беларускай нацыі, як, напрыклад, Кастусь Каліноўскі.

Соўсь: Як выратаваць Сяргея Каваленку — які ваш адказ?

Дубавец: Мы маем справу з сымбалічным учынкам, з подзьвігам. Таму тут пытаньне: што ёсьць «выратаваць»? Словы тут не дапамогуць. Я б не знайшоў словаў для таго, каб пераканаць Сяргея Каваленку спыніць галадоўку, бо цалкам падзяляю сэнс ягонага ўчынку ў барацьбе з антыбеларускім рэжымам. Ідзе схаваная вайна, у якой я адназначна на тым баку, што і Сяргей. Адзінае, што я мог бы зрабіць — гэта замяніць яго на ягоным месцы. Я да гэтага гатовы. Думаю, у Беларусі шмат тых, хто мог бы замяніць яго.

Соўсь: Ці вы маглі б зараз зьвярнуцца да Сяргея Каваленкі? Магчыма ён вас пачуе, магчыма, сваякі перакажуць яму вашыя словы.

Дубавец: Сяргей, я ўжо сказаў, што цалкам падтрымліваю гэты ўчынак. Гэта адзін зь вельмі нешматлікіх учынкаў у сучаснай Беларусі, якія напаўняюць беларусаў гонарам за сваю нацыю. І зноў паўтаруся, што калі б знайшлася такая магчымасьць, я гатовы замяніць цябе на тваім месцы.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG