Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы, палітыкі і журналісты, якім улады забаранілі выезд за межы краіны, пратэстуюць супраць неабгрунтаванай забароны на свабоду перамяшчэньня. Яны патрабуюць тлумачэньняў у праваахоўных органаў і рыхтуюцца зьвяртацца ў суд.

Шэф-рэдактара газэты «Наша Ніва» Андрэя Дынько высадзілі зь цягніка Менск — Вільня на мяжы зь Літвой 14 сакавіка. Назаўтра забаранілі выезд зь Беларусі кіраўніцы БАЖ Жаньне Літвіной і прадстаўніку тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Міхалу Янчуку. Яны яшчэ не пасьпелі зьвярнуцца да сілавікоў па тлумачэньні, але маюць намер зрабіць гэта абавязкова.

Міхаіл Янчук: «Паводле рэгістрацыі я берасьцеец, таму мне неабходна быць у Берасьці і там высьвятляць усё на месцы. Але я думаю, што немагчыма, каб гэтулькі журналістаў адразу займелі сапраўдныя праблемы з законам. Таму я думаю, што нічога я там ня высьветлю».

Палітыкаў Сяргея Калякіна і Віктара Карняенку беларускія памежнікі таксама вярнулі з памежнага пераходу на беларуска-літоўскай мяжы і таксама не патлумачылі прычынаў. Без увагі гэты факт палітыкі пакідаць не зьбіраюцца.

Віктар Карняенка: «14 сакавіка я зьвярнуўся ў Памежны камітэт, Генэральную пракуратуру і службу міграцыі. На тым, што ёсьць, ні ў якім выпадку спыняцца ня буду і найменш — да суду і камітэту ААН па правах чалавека ў Жэнэве гэтая справа дойдзе».

Кіраўніку праваабарончай арганізацыі БХК Алегу Гулаку і юрысту гэтай арганізацыі Гары Паганяйлу патлумачылі, што ім абмежаваны выезд за межы краіны з прычыны грамадзянскай справы. Але ні абставіны гэтай справы, ні тое, якім чынам яна тычыцца праваабаронцаў, невядомыя, кажа Гары Паганяйла:
Тое, што суд прызнае такія дзеяньні незаконнымі і пакарае вінаватых — такой верагоднасьці няма.

«Калі я быў удзельнікам судовага разбору, то мяне позвай запрасілі б у суд, я б ведаў, што супраць мяне распачатая нейкая справа. Такіх зьвестак я ня маю, таму і зьвярнуўся ў кампэтэнтныя органы, каб яны прадставілі гэтыя зьвесткі. Хоць я разумею, што гэта выключная выдумка Рады бясьпекі і, магчыма, КДБ, якія склалі такі сьпіс і гэткім чынам распараджаюцца воляю людзей, абмяжоўваючы іх правы».

Спробы прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці аспрэчыць дзеяньні ўладаў на забарону выезду камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

«Невядома, у межах якой прававой працэдуры адбыліся гэтыя інцыдэнты на памежных пераходах. Ня выключана, што гэта адбывалася бяз аніякай юрыдычнай прававой працэдуры. А ў Беларусі суд кіруецца, на жаль, з таго ж цэнтру прыняцьця рашэньняў, як і той орган, які загадаў не выпускаць людзей. Таму судовае абскарджаньне мае сэнс, каб высьветліць сытуацыю з пункту гледжаньня права. Але тое, што суд прызнае такія дзеяньні незаконнымі і пакарае вінаватых — такой верагоднасьці няма».
XS
SM
MD
LG