Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія лідэры заклікаюць не расстрэльваць Канавалава і Кавалёва


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

Кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан заклікала Менск не выконваць прысуду ў дачыненьні да асуджаных за тэракт у менскім мэтро. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіла Мая Кацыянчыч - прэсавая сакратарка высокай прадстаўніцы ЭЗ.

"Высокая прадстаўніца вельмі занепакоеная паведамленьнем, якое мы бачылі ў беларускай прэсе, аб рашэньні прэзыдэнта Лукашэнкі ня мілаваць гэтых двух чалавек, абвінавачаных у мінаваньні менскага мэтро. Высокая прадстаўніца ізноў заклікае Менск не выконваць сьмяротнага пакараньня Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. ЭЗ выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых умовах. Таму высокая прадстаўніца заклікае Беларусь, якая зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, што дагэтуль выкарыстоўвае сьмяротнае пакараньне, далучыцца да глябальнага мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яго поўнай адмены", – заявіла Кацыянчыч.

Раней з асобнымі заклікамі да Менску не расстрэльваць Канавалава і Кавалёва выступілі ачольнікі Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, а таксама прэсавая служба канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель.

Стэфен Сайбэрт – прэсавы сакратар канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель – заявіў сёньня журналістам, што выкананьне прысуду прывядзе да далейшага ўзмацненьня напружанасьці паміж дзьвюмя краінамі. Ён дадаў, што адмова Аляксандра Лукашэнкі падпісаць памілаваньне двух асуджаным выклікала "вялікую занепакоенасьць" у Бэрліне, што Кавалёў і Канавалаў будуць расстраляныя неадкладна.

Напярэдадні генэральны сакратар Рады Эўропы Торб'ёрн Ягланд асудзіў адмову Лукашэнкі ўдзяліць памілаваньне асуджаным за тэракт. "На жаль, Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая практыкуе сьмяротнае пакараньне, нягледзячы на шматлікія намаганьні нашай арганізацыі наладзіць дыялёг на забароне гэтай практыкі, або, прынамсі, мараторыю", – канстатаваў Ягланд.

З аналягічным зваротам да афіцыйнага Менску зьвярнуўся ў чацьвер прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі рады Эўропы Жан-Клёд Міньён.

"Мы афіцыйна заклікаем беларускія улады не расстрэльваць Канавалава і Кавалёва, паколькі мы прынцыпова выступаем супраць сьмяротнага пакараньня, да таго ж, застаюцца шматлікія пытаньні наконт справядлівасьці судовага працэсу над імі", – падкрэсьліў ачольнік ПАРЭ.
XS
SM
MD
LG