Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскія ўлады зноў адмовілі са спазьненьнем


Ігнаруючы патрабаваньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, адмову на правядзеньне пікетаў аршанскі гарвыканкам даслаў не за пяць дзён да меркаваных мерапрыемстваў, а за два.

Заяўкі на правядзеньне пікетаў супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча грамадзян падавалі прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет».

Старшыня гарадзкой партыйнай арганізацыі Мікалай Дзямідаў падкрэсьлівае, што партыйцы ўжо тройчы атрымлівалі забароны на правядзеньне пікетаў такой тэматыкі:

«Гэтым разам мы зьбіраліся правесьці пікеты ў Воршы і ў Барані, гарадку-спадарожніку. Пікеты былі заплянаваныя ў суботу, 17 сакавіка. Толькі 15-га мы атрымалі адказы з адмовамі. Тая ж сытуацыя была і ў мінулыя разы: нам адмаўлялі, і пісьмовае паведамленьне пра гэта мы трымлівалі толькі за дзень або за два да плянаваных акцый. Абмяркоўваем пэрспэктывы звароту ў пракуратуру з гэтае нагоды».

Падаючы заяўкі на пікеты, партыйцы не ведалі, што аршанскія ўлады пасьпелі адмяніць колішняе рашэньне гарвыканкаму што да вызначэньня месцаў пад масавыя акцыі. Замест Прыдняпроўскага парку ў цэнтры гораду грамадзкасьці прапанавана зьбірацца на ўскраінах — у закінутым парку льнокамбіната, на пляцоўцы каля кавярні «Аронія» або ў парку каля Кургана бесьсьмяротнасьці.
Абмяркоўваем пэрспэктывы звароту ў пракуратуру з гэтае нагоды.

Рашэньне пра гэта гарвыканкам прыняў яшчэ 30 студзеня, і толькі 15 сакавіка яго надрукавала мясцовая «Аршанская газэта».

Дзямідаў: «Мы не маглі пра гэта ведаць, падаючы заяўкі. І з вызначанымі наноў месцамі могуць паўстаць праблемы. Да прыкладу, тое, што названа „пляцоўкай каля кавярні „Аронія““ — гэта тэрыторыя каля прахадной рамонтнага заводу, а каля прахадных прадпрыемстваў зьбірацца забараняе заканадаўства. Яшчэ адна супярэчнасьць: у нас няма такой тапанімічнай адзінкі, як „парк каля Кургана Бесьсьмяротнасьці“, а ёсьць „парк Герояў“. Гэта або недапрацоўка гарвыканкаму, або сьвядомая спроба нам перашкодзіць — займець чыста фармальную прычыну для наступных адмоваў».
XS
SM
MD
LG