Лінкі ўнівэрсальнага доступу

39-гадовага Бандарэнку не пусьцілі за мяжу «за ўхіленьне ад прызыву»


Андрэю Бандарэнку 39 гадоў.

Андрэю Бандарэнку 39 гадоў.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка зьвярнуўся ў аддзел грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску, каб высьветліць, зь якіх прычын яму адмоўлена ў выезьдзе за мяжу.

Там паведамілі, што адмова ў выезьдзе зьвязаная з «ухіленьнем ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу, службу ў рэзэрве». Там жа пазначана дата «5 сакавіка 2012 году».

Андрэй Бандарэнка патлумачыў карэспандэнту «Свабоды»:

«Супрацоўніца, якая глядзела па кампутары, чаму мне адмоўлена ў выезьдзе, сама стала сьмяяцца. Пасьля гэтага раздрукавала даведку, аддала яе мне і сказала, што больш нічога патлумачыць ня можа. Маўляў, мне трэба зьвярнуцца ў Міністэрства абароны. Я патэлефанаваў у ваенкамат, дык там сказалі, што гэта поўная лухта, што такога быць ня можа і мне, напэўна, ня тое раздрукавалі. Гэта поўнае глупства, і мы цяпер з адвакатамі рыхтуем пазоў у суд. І будзем патрабаваць ад пракуратуры знайсьці вінаватага, хто за гэтым стаіць».

39-гадовы Андрэй Бандарэнка скончыў Лінгвістычны ўнівэрсытэт, дзе была вайсковая катэдра. Ён афіцэр запасу. Ніякіх прэтэнзіяў з боку ваенкамату да яго не было, ніхто нікуды яго не выклікаў:

«Я думаю, што бліжэйшым часам мы знойдзем гэтага жартаўніка, і за такія жарты існуе адказнасьць. Хочацца ведаць, хто будзе адказчыкам па кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды. Таму бліжэйшым часам пракуратуры дадасца працы».
XS
SM
MD
LG