Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца, дзе стаіш, можа шмат значыць, проста табе аб гэтым, хутчэй за ўсё, невядома. Толькі адчуваеш: штосьці мне мулка нейк, млосна, моташна робіцца.

Здаецца ж, нічога ня піў і пратэрмінаванай каўбасы не ўжываў... І невядома: можа тут, прыкладам, гарадзкі прэнгер стаяў — слуп для экзэкуцый або шыбеніца. Можа на гэтым месцы кагось спалілі на вогнішчы, расстралялі або проста машына задушыла насьмерць бабульку з кіёчкам.

Вось і тэатар наш сапраўды драматычны: месца нярадаснае. Часам пасьмяесься, калі штось камэдыйнае паставяць, але выйдзеш з залі, і ўсьмешка зьнікае. Стаіць тэатар на месцы кляштара, нібыта, павінна аўра адчувацца, але ж не адчуваецца. Будаўнікі ўгрызьліся ў пагорак глыбока, каб сутарэньні й падмуркі зьнішчыць цалкам, каб савецкай Мэльпамэне лягчэй дыхалася бяз рэштак рэлігійнага дурману. Праўда, насупраць — на фасадзе храма стаяць сьвятыя і крыж вялікі трымаюць, як ад нячысьціка быццам.

Два ў адным


Сёньня ў гмаху дзьве трупы адразу: падсялілі часова актораў зь лялькамі, пакуль у іх рамонт, далі малую сцэну. Такога яшчэ не было, тэатральна-камунальная кватэра лічы. А на камуналках шчасьця не бывае. Першы ўдар: азірнуліся лялечнікі, а ў іхнім тэатры ўсю начынку будаўнікі выдзерлі зь мясам. А камяніца-то каралеўская, 230-гадовая.

Зьніякавелі ліцадзеі і напісалі скаргу ў сталіцу. А мясцоваму начальству дужа не спадабалася, што «цераз галаву», што сьмецьце з хаты вынесьлі. Прыйшло начальства на разбор палётаў і такое вялікае незадавальненьне выказала, што дырэктар лялечнікаў мусіў напісаць заяву і перавёўся ў акторы.

Кандэлябра ўпала


Добра, што разбор палётаў адбываўся на малой сцэне. Бо перад вялікай якраз упала шасьцітонная кандэлябра. Неадназначнае месца дый годзе! Здарылася гэта ў фае, дзе на сьцяне гіпсавыя бюсты: Пушкін, куды ж безь яго, Шэксьпір з Мальерам, ёсьць і прадстаўнікі беларусцаў.

Азірнёмся назад: шчасьлівыя моманты ўсё ж бываюць, шлюбы бяруць актор з акторкай, дзевяць цяжарнасьцяў адразу ў тэатры зьдзейсьнілася. Але потым пайшла паласа няўдачаў. Дырэктар раптам памёр, пасьля актор, не ўспамінаючы аб інфарктах. І гэтак напалохалі люд тэатральны няшчасьці, што запрошаны быў бацюшка са сьвятой вадою, які вельмі дбайна выканаў свой абавязак.

А тут раптам кандэлябра абрынулася! Скептыкі адразу бацюшку ўспамінаюць. У мяне таксама першай думкай было. Але я ня стаў гнаць коні. Кандэлябра ўпала перад носам рабочага, які стаяў на рыштаваньнях, у кашулі нарадзіўся чалавек. Гэта адно. Другое: да спэктаклю яшчэ быў час, пад кандэлябрай парачкі чакалі звычайна званкоў заходзіць у залю. А тут нікога яшчэ! Ніякіх ахвяраў!

Дык можа й напраўду сьвятая вада ня лішняй была? Ва ўсякім разе, сярод саміх актораў гэтая думка ўсё мацнее. Ня выключана, перад кожнай прэм’ерай бацюшка будзе апырскваць сцэну ў абавязковым парадку. А гледачам давядзецца чакаць як на малебне, стоячы. Але чаго ня зробіш дзеля дадатковай бясьпекі.

Падазраю, акторам вельмі да галавы запала гэтая думка. Ніяк не забудуцца на адну з апошніх прэм’ераў — пра пакой N13. На рэпэтыцыі ў неадпаведны момант падала то аконная рама, то іншыя часткі дэкарацый, дык на сцэну ішлі, як на будоўлю, дзе лепей у мантажнай касцы.

Цары, прэзыдэнты


Той, стары тэатар, які цяпер растрыбушылі, цара бачыў, маладога палітыка Аляксандра І. Гісторыя ў сьціслых рысах такая: царыца загарнула Горадню разам зь іншымі гарадамі і мястэчкамі ды памерла на ляўрах. Потым быў яе сын, больш далікатны да караля апошняга, Станіслава Аўгуста, які чакаў у Горадні пад хатнім арыштам загаду на выезд у Санкт-Пецярбург, і да Касьцюшкі Тадэвуша. Але цара гэтага задушылі падушкай і стаў кіраваць сынок, які прыбыў у Горадню, каб са сцэны абвесьціць аб пачатках Гарадзенскай губэрні.

У савецкім тэатры, які на месцы кляштара, пакуль што самым тытулаваным наведнікам быў беларускі правадыр. Таксама па-свойму векапомная падзея! Ніякіх табе лялек, ніякіх Шэксьпіраў, а вялікі даклад са сцэны пра далейшае ўмацаваньне калгаснага ладу. Начальнік мясцовага тэлебачаньня вельмі спрытна арганізаваў прамую трансьляцыю. Напэўна, спадзяваўся, што пахваляць. Але яго ўзялі ды звольнілі. Ніхто толкам не зразумеў — чаму? Магчыма таму, што пэрлы з таго дакладу былі адразу разабраныя на цытаты.

Але гэтаму тэатру пашанцавала, што грандыёзны рамонт быў зроблены напярэдадні. «Губэрнатар», памятаючы пра высокі візыт, загадаў зрабіць «прэзыдэнцкі пакой»: вось прыедзе зноў выступаць, зойдзе душ прыняць. Аднак не прыехаў, а начальніка губэрнскага выгнаў… Доўгі час пачуцьцё піетэту напалам зь містычным спалохам не дазваляла карыстацца «прэзыдэнцкім пакоем»: адамкнуць, зазірнуць і — назад. Кажуць, што цяпер часам пачалі гэтае сваё самаабмежаваньне парушаць. Але каленкі, напэўна, трымцяць, у такім месцы калі апынаесься.

Хто жыў у тэатры


А можа ніякай Мэльпамэны насамрэч не існуе, мы ж ня рымляне і грэкі, скажам? У нашым тэатры, напрыклад, жыла да апошняга часу зусім не яна. Нехта трымаў, больш не саміх актораў, а іхняе начальства, у пастаяннай напрузе: перагрызаў драты. Мала, што электрычнасьці пагроза, дык заслона можа ўпасьці ў самы найгоршы момант ці дэкарацыі нават, якія мацуюцца вяроўкамі.

Што рабіць? Зьвяртацца ў адпаведныя органы? Але невядомыя выкрылі сябе, сталі паяўляцца нават на сцэне, калі ішоў спэктакль. Нават калі палясоўшчык Тарас пахаджаў з дубальтоўкай… Абышліся бяз органаў, вылавілі куніцу, пасткі паставілі, другая загінула. Ацалелай засталіся ўспаміны пра вольнае жыцьцё ў «храме Мэльпамэны», цяпер яна ў заапарку, у клетцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG