Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З найбуйнейшага беларускага нафтахімічнага комплексу «Нафтан-Палімір» прыйшла неафіцыйная інфармацыя пра пачатак падрыхтоўкі да продажу гэтай кампаніі расейскаму інвэстару — нафтавай кампаніі «Лукойл». Канцэрн «Белнафтахім», у які ўваходзіць «Нафтан-Палімір», не пацьвярджае гэтыя зьвесткі.

Пра пляны беларускага ўраду прадаць «Нафтан-Палімір» яшчэ два гады таму заявіў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Спэцыяльна пад продаж замежнаму інвэстару ў 2008 годзе былі аб’яднаныя два наваполацкія прадпрыемствы «Палімір» і «Нафтан». Уладзімер Сямашка патэнцыйнымі пакупнікамі называў расейскія кампаніі «Лукойл» і «Роснефть».

У кастрычніку мінулага году намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Анатоль Яноўскі заявіў, што Адзіная эканамічная прастора і Мытны саюз спрыяюць энэргетычнаму супрацоўніцтву зь Беларусьсю, і што, у прыватнасьці, у расейскага боку ёсьць прапановы наконт куплі «Нафтана-Паліміра».

Днямі адзін з супрацоўнікаў эканамічнага аддзелу кампаніі «Нафтан-Палімір» паведаміў «Свабодзе», што ў якасьці інвэстара абраная расейская кампанія «Лукойл» і што ўжо пачалася перадпродажная падрыхтоўка. "Хутчэй за ўсё, нас прададуць «Лукойлу»,— сказаў адзін з эканамістаў «Нафтана-Паліміра», які папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі ні на самім прадпрыемстве, ні ў канцэрне «Белнафтахім», куды ўваходзіць «Нафтан-Палімір», знайсьці не ўдалося. Прэсавы сакратар «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка:

«Такая праца, наколькі я ведаю, з боку канцэрну не вядзецца. А ўвогуле рашэньне аб продажы акцыяў, якія належаць дзяржаве, не ўваходзіць у нашую кампэтэнцыю».

На самім прадпрыемстве некаторыя чакаюць, калі ўжо адбудзецца даўно абяцаная прыватызацыя, сьведчыць былы рабочы «Нафтана» Ўладзімер Кунцэвіч:

«Людзі ўжо перажылі гэты этап боязі інвэстара, і цяпер нават думаюць — а хутчэй бы хто купіў, можа, што б зьмянілася... Нядаўна я быў на прадпрыемстве „Карпатнафтахім“ у Калушы на Заходняй Украіне. Іх „Лукойл“ купіў у свой час. То там яны вельмі задаволеныя гэтым „Лукойлам“. Як ён прыйшоў, пачалася грандыёзная рэканструкцыя гэтага заводу».

Канкрэтных размоў аб продажы «Нафтана-Паліміра» «Лукойлу» пакуль што няма, — зазначыў лідэр незалежнага прафсаюзу прадпрыемства Іван Сьвятоха. Асабіста ён скептычна ставіцца да выгодаў, якія можа атрымаць калектыў ад такога продажу:

«Я яшчэ ня бачыў ніводнага інвэстара, які б прыйшоў і ашчасьлівіў людзей».

Размовы аб продажы беларускіх НПЗ актывізаваліся ў сувязі з тым, што Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС прыпыніў пералічэньне чарговай траншы крэдыту Беларусі, адной з умоваў якога было больш актыўнае правядзеньне прыватызацыі афіцыйным Менскам, кажа незалежны экспэрт Тацьцяна Манёнак:

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Беларускі бок павінен прапанаваць гэтаму антыкрызіснаму фонду сьпіс на прыватызацыю на суму 2,5 мільярда даляраў. Але ці ёсьць за гэтым сур’ёзныя прапрацоўкі, у мяне вялікія сумневы. Магчыма, вядуцца нейкія перамовы, але да канчатковага выніку яшчэ далёка».

Аляксандар Лукашэнка раней ацэньваў «Нафтан-Палімір» у 3 мільярды даляраў, незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў кажа пра меншы рынкавы кошт кампаніі:

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

«Можа, мільярда паўтара, а з састарэлым „Палімірам“ можа быць і меней. Бо ў нагрузку прадаюць».

Леанід Злотнікаў перакананы, што грошы ад прыватызацыі беларускаму ўраду цяпер патрэбныя, у тым ліку для таго, каб вяртаць раней атрыманыя крэдыты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG