Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч: 25 сакавіка — гэта дзень мабілізацыі на змаганьне за ідэалы БНР


Аргкамітэт па адзначэньні Дня Волі пакуль не атрымаў адказу зь Менгарвыканкаму на пададзеную туды заяўку аб правядзеньні мітынгу і шэсьця.

Паводле сябра аргкамітэту Віктара Івашкевіча, улады павінны даць адказ не пазьней як у аўторак 20 сакавіка, як прадугледжана законам.

20 сакавіка а 17 гадзіне, калі ўжо будзе вядомы адказ Менгарвыканкаму, адбудзецца чарговае пасяджэньне аргкамітэту, дзе маюць прыняць канчатковае рашэньне адносна фармату акцыі. 21 сакавіка аргкамітэт плянуе правесьці прэсавую канфэрэнцыю.

«Ёсьць некалькі варыянтаў паводзінаў, але фармальна, юрыдычна аргкамітэт прыме рашэньне ў аўторак».

Паводле заяўкі, арганізатары заклікаюць сабрацца на пляцоўцы каля Акадэміі навук а 13 гадзіне. Адтуль пачнецца шэсьце па вуліцы Багдана Хмяльніцкага да плошчы Бангалор, дзе пройдзе мітынг.

Паводле Івашкевіча, аргкамітэт пралічвае ўсе магчымыя варыянты, у тым ліку той, што ўлады могуць дазволіць акцыю, а потым арганізатарам будуць усяляк перашкаджаць.

«Я лічу, і з гэтым пагаджаецца бальшыня сяброў аргкамітэту, што мы пакуль не заслужылі сьвята. Што мы будзем сьвяткаваць? Тое, што ёсьць незалежная Беларусь? Дык незалежнасьць пад пагрозай. Тое, што яна беларуская? Тут таксама праблема, бо душыцца беларуская культура, беларуская адукацыя, улады прымаюць рашэньне аб узмацненьні барацьбы зь „перагібамі беларусізацыі“. Яна не народная, бо кіруе дыктатарскі рэжым, а не народ. І таму БНР яшчэ павінна стаць, яе трэба заваяваць, збудаваць. І калі мы яе збудуем, калі будзе БНР, а не дыктатура, калі над будынкамі будзе лунаць бел-чырвона-белы сьцяг, тады ўсе могуць шчасьліва сьвяткаваць дзень БНР. А на сёньня 25 сакавіка — гэта дзень мабілізацыі на змаганьне за ідэалы БНР, за тое, каб БНР стала рэальнай».

Паводле Івашкевіча, чакаецца, што на мітынгу 25 сакавіка выступяць сваякі палітвязьняў, прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацый, а таксама пратэстных груп, якія заявілі свае патрабаваньні на розных лякальных узроўнях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG