Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстальнікі расейскага інтэрнэту масава абвінавацілі НТВ у паклёпе. Фільм НТВ пра мітынгі апазыцыі «Анатомія пратэсту» выклікаў хвалю абурэньня сярод тых, хто спачувае апазыцыі і вывеў фразу «НТВ хлусіць» у самыя папулярныя хэштэгі сацыяльнай сеткі Twitter.

У пятніцу тэлеканал паведаміў, што яго сайт з раніцы зазнаў ddos-атаку і быў часова паралізаваны.

Паказаны ў чацьвер вечарам тэлефільм расказваў пра тое, што на масавыя мітынгі «За сумленныя выбары» ў Маскве людзі прыходзілі нібыта за грошы, а таксама за печыва, якое раздавалі бясплатна.

Прыхільнікі апазыцыі, якія ўдзельнічалі ў мітынгах, іранічна пытаюцца ў сваіх блогах, дзе ж іх «пячэнькі», і чаму здымачная група «не раскрыла таксама тэму варэньня».

Экспэрты, апытаныя НТВ у тэлепраграме, якая выйшла ў ноч на 16 сакавіка, сьцьвярджалі, што дзеячы апазыцыі паводзяць сябе як «таталітарная сэкта» і занятыя пошукам «сакральнай ахвяры»,

«Што робяць на мітынгах людзі з амбасады ЗША?» — задаецца пытаньнем у фільме «Анатомія пратэсту» закадравы голас. Пры гэтым на экране паказаны мужчына, які гаворыць па-нямецку фразу «Я не разумею».

Адразу ж пасьля эфіру тэлефільм стаў мішэньню масавай крытыкі ў сеціве: група НТВ у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» аказалася запоўненая камэнтарамі «#НТВлжет», што адбылося і з супольнасьцю тэлеканала на Facebook, а аднайменны хэштэг (пошукавая пазнака) у Twitter стаў самым папулярным у расейскамоўным сэгмэнце сайту.

У сацыяльных мэдыях абмяркоўваюцца заклікі байкатаваць НТВ або тавары кампаній-рэклямадаўцаў НТВ.

«Супрацоўнікам НТВ: не тэлефануеце мне больш ніколі ні для якіх праграм. Санітарна-гігіенічны карантын», — абвясьціла ў сваім Twitter дырэктарка Цэнтра антыкарупцыйных дасьледаваньняў і ініцыятываў Transparency International Алена Панфілава.

Зьмест «спэцыяльнага расьсьледаваньня» НТВ асудзілі і некаторыя супрацоўнікі самой тэлекампаніі.

«Верагодна, гэта супярэчыць любой карпаратыўнай этыцы, але вядомы твор візуальнага жанру — гэта сапраўдная ганьба, і мне сорамна за тое, што гэта адбываецца на канале, дзе я працую», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook супрацоўнік тэлеканалу Аляксандар Уржанаў.

За некалькі месяцаў, якія прайшлі з пачатку масавых мітынгаў «За сумленныя выбары» у сьнежні 2011 году, улады і апазыцыя неаднаразова абвінавачвалі адно аднаго ў падрыхтоўцы правакацый.

У інтэрнэце шырокае распаўсюджваньне атрымалі відэаролікі, якія сьцьвярджаюць, што ўдзельнікі праўрадавых маніфэстацый атрымлівалі грошы за свой удзел у мітынгах.

Пра гэта сёньня піша сайт карпарацыі ВВС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG