Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запісы Быкава з Горадні


«Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў» — новая кніга, якая выпушчана выдавецкай ініцыятывай «Гарадзенская бібліятэка». Невядомыя творы і нататкі пісьменьніка падрыхтаваў да друку дасьледчык зь Менску Сяргей Шапран. Перадаў іх яму сын пісьменьніка, таксама Васіль Быкаў, які жыве ў Горадні.

Васіль Быкаў-малодшы — лекар па спэцыяльнасьці, нарадзіўся ў Горадні ў 1957 годзе. Ён патлумачыў: «Натуральна, што ў бацькі архіў рос у памерах, мы перавозілі яго за адной кватэры на другую. Натуральна, дзялілі яго на часткі, штосьці пакідалі, штосьці заносілі ў падвал, бацька гэтым кіраваў. І так выйшла, што ў Горадні назапасілася даволі шмат яго дакумэнтаў і матэрыялаў. Тут былі і лісты, блякноты, нататкі».

Калі ў другой палове 1970-х гадоў пісьменьнік перабраўся ў Менск, частка архіву засталася ў Горадні. Магчыма, гэта была нават большая яго частка, мяркуе сёньня ягоны сын Васіль:

«За дваццаць гадоў назапасілася даволі шмат матэрыялаў. Гэтыя дакумэнты захоўваліся ў нас дома, і я ўдзячны Сяргею Шапрану, што ён выявіў цікавасьць, заняўся гэтай цяжкай працай. Мы разам паглядзелі ўсе матэрыялы, якія змаглі знайсьці, якія захаваліся. Ён змог іх неяк клясыфікаваць, і мы аддалі іх яму».
XS
SM
MD
LG