Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу, дзе прысутнічае вялікая дэлегацыя беларускіх літаратараў, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні нашага карэспандэнта.

РС: Колькі часу вайна яшчэ будзе заставацца актуальнаю ў сьвядомасьці беларускага чытача?

Алексіевіч: Што тычыцца беларускага чытача, гэта будзе вельмі доўга. Тое самае і для расейскага чытача. Паколькі зьнікла чырвоная імпэрыя, то і зьнікла напрацаваная ідэя. Ня важна якая яна... Вядома, засталіся мора крыві і бочкі мяса, і поўная катастрофа ў розумах людзей. Адначасова сёньня людзям яшчэ горай жыць, асабліва маленькаму чалавеку, і ён разгублены. Маленькі чалавек ня думае ж стратэгічна, ён жа не пісьменьнік, каб сядзець і думаць аб важных рэчах Ён глядзіць — няма грошай, пайшоў...

Я асабліва паезьдзіла па Расеі, дык там жах. У нас яшчэ нейкая своеасаблівая сумесь фэўдалізмуі і сацыялізму, яшчэ больш-менш схавана ўсё на нейкі час. Таму, з аднаго боку, пра вайну мы ня ведаем праўды — асабліва беларусы аб партызанскай вайне. Калі ваюе армія — гэта арганізаваная ваенная машына, добрая ці дрэнная, але машына, ёсьць законы, статут, правы, гэта значыць, ёсьць інстытут, колькі жыве чалавецтва, столькі гэтаму інстытуту гадоў. Партызанская вайна, гэта, агулам, поўны разбой. Ты залежыш ад камандзіра, асабліва жанчыны (што я добра ведаю); калі ты габрэй, табе могуць і ў сьпіну стрэліць.

Усё гэта мы ведаем, і мы гэтага ня ведаем. Гэта значыць, што мы ведаем пра гэта як сьведкі, ад бацькоў, ад дзядоў, вось мне бабуля зь дзедам расказвалі, што яны баяліся ноччу адных, а днём іншых... А літаратура аб гэтым ня піша, літаратуры аб гэтым няма або вельмі мала...

РС. А ці ня позна ўжо?

Алексіевіч: Я ня думаю. Наадварот, сёньня да гэтых рэчаў можна зусім інакш падысьці. Гэта тое, што я спрабавала сёньня сказаць. Мяне, на ўзроўні такіх канкрэтнасьцяў, зусім не цікавіць (гэта, можа, ужо і позна) — колькі падарвалі эшалёнаў, як адны гераічна забівалі іншых і г. д. Але паколькі мы жывем у эпоху спажывецтва, у чалавека няма стрыжня. І вось яму няма на чым... Ну ўсе мы троху праваслаўныя, так, але сапраўдных вернікаў, якія па сапраўднаму ведаюць і чытаюць Біблію, ня так і шмат... А бітва дабра і зла ў чалавечым сэрцы вядзецца заўсёды, і таму такія матэрыялы, такая гісторыя дае магчымасьць размовы з такім чалавекам. На якім яшчэ матэрыяле вы можаце сёньня гаварыць з нашым чалавекам аб дабры і злу? Аб чым?

РС. Але паглядзіце, ўдзельнікаў вайны ўжо амаль не засталося, засталіся састарэлыя сьведкі. Ці зьмянілася нешта сёньня ў іх успамінах?

Пра тое, як Сьвятлана Алексіевіч адказала на гэтае і іншыя пытаньні РС, слухайце ў аўдыёвэрсіі гутаркі:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG