Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа рашае, ці вяртацца паслам у Беларусь

абноўлена

16 сакавіка дыпляматы краінаў Эўразьвязу плянуюць абмеркаваць магчымасьць вяртаньня ў Менск сваіх амбасадараў, паведаміла брусэльскаму выданьню «EUobserver» Мая Качыянчыч, прэсавы сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Пакуль, падкрэсьліла яна, рашэньне па гэтым пытаньні не прынятае.

Камэнтуючы сытуацыю для БелаПАН, Качыянчыч адзначыла:

«Нашы амбасадары выконваюць ключавую функцыю ў Беларусі як каналы камунікацыі і інфармацыі, і мы застаемся адданыя адзінаму і скаардынаванаму падыходу да пытаньня пра іх вяртаньне. Яны вернуцца, калі час для гэтага будзе адпаведны».

Як паведаміў «Свабодзе» прэсавы сакратар МЗС Літвы Міндаўгас Лашас, пакуль невядома, калі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас вернецца ў Беларусь. Адносна вяртаньня паслоў ЭЗ у Беларусь ён сказаў:

«Гэтае пытаньне цяпер абмяркоўваецца ў структурах Эўразьвязу. Я гэта не магу камэнтаваць. Рашэньне яшчэ не прынятае і пытаньне падлягае далейшаму абмеркаваньню. Але МЗС Літвы будзе салідарны з калегамі, і мы праінфармуем, калі будзе сумеснае рашэньне».

Прэс-сакратар МЗС Латвіі Яніс Сіліс паведаміў карэспандэнту «Свабоды»:

«Паслы ЭЗ былі адкліканыя для кансультацыяў у свае сталіцы. Гэта азначае, што іх адклікалі толькі на пэўны час. Пытаньне аб вяртаньні будзе вырашацца на ўзроўні ўсіх краін ЭЗ. І калі будзе прынятае рашэньне, то амбасадары вернуцца ўсе разам. Гэта будзе ў адпаведнасьці з агульным рашэньнем. Пакуль па гэтым пытаньні працягваюцца дыскусіі. Калі будзе агульнае рашэньне, то і амбасадар Латвіі таксама вернецца ў Менск. Але для гэтага патрэбна агульнае рашэньне ўсіх краін ЭЗ і самой арганізацыі, бо прадстаўнік ЭЗ таксама вярнуўся ў Брусэль для кансультацыяў».

Што, на погляд Яніса Сіліса, можа паўплываць на станоўчае рашэньне адносна вяртаньня эўрапейскіх амбасадараў у Беларусь?

«Калі беларускія ўлады прымуць станоўчае рашэньне наконт вызваленьня палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ў вязьніцы насуперак усялякім прынцыпам, якія таксама адносяцца і да Беларусі, то, канечне, прыняць такое рашэньне аб вяртаньні паслоў было б значна лягчэй. Але ці будзе такое рашэньне прынятае бліжэйшым часам зь іншых меркаваньняў, цяжка сказаць. Бо рашэньне пакуль не прынятае і дыскусіі ўсё яшчэ працягваюцца».

Кіраўніца аддзелу прэсавай службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына наконт таго, калі вернуцца эўрапейскія паслы ў Беларусь, сказала: «У МЗС такой інфармацыі няма». Маўляў, пазыцыя застаецца ранейшай.

«Аднак, разважаючы цьвяроза: пра якое вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў можа ісьці гаворка, калі нам не стамляюцца пагражаць санкцыямі, тым, што 23 сакавіка могуць быць уведзеныя новыя санкцыі? Давайце дачакаемся гэтай даты, а потым ужо будзем вызначацца. У тым ліку і адносна вяртаньня паслоў».

Паводле Ваньшынай, гэта тычыцца і беларускіх паслоў.


У прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі пакуль ня маюць ніякай афіцыйнай інфармацыі пра вяртаньне амбасадараў краінаў ЭЗ. "Адзінае — што Эўразьвяз трымаўся скаардынаванага і аб’яднанага падыходу да адкліканьня амбасадараў і будзе трымацца такога ж падыходу да іх вяртаньня», — заявілі ў прадстаўніцтве.

Прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук сказаў карэспандэнту «Свабоды», што ня можа пацьвердзіць інфармацыю, згодна зь якой амбасадары краінаў Эўразьвязу вернуцца бліжэйшым часам.

«На жаль, нічога не магу сказаць на гэты конт. Для таго каб амбасадары вярнуліся назад у Менск, трэба, каб беларускі бок вярнуў свайго амбасадара, які цяпер знаходзіцца ў Менску на кансультацыях. Ён павінен вярнуцца ў Варшаву, тады, магчыма, будзе вяртаньне нашага амбасадара», — заявіў Марчук.


Вярхоўны камісар ЭЗ Кэтрын Эштан мяркуе, што амбасадары ЭЗ павінны не пазьней як у сямідзённы тэрмін вярнуцца назад у Беларусь. Пра гэта гаварылася ў Брусэлі на нарадзе па зьнешняй палітыцы ЭЗ з удзелам Эштан, паведамляе AFP.


28 лютага амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры афіцыйны Менск прапанаваў выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці паслы краінаў Эўразьвязу былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае краіны. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў. Беларускія ўлады, са свайго боку, адклікалі для кансультацыяў свайго сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і пасла ў Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG