Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Берасьця пяць гадоў судзіцца за зямлю


Ірына Сьмірнова

Ірына Сьмірнова

Калегія Берасьцейскага абласнога суду адмовіла ў задавальненьні скаргі жыхаркі гораду Ірыны Сьмірновай. Спадарыня ўжо каля пяці гадоў дабіваецца пераводу надзелу зямлі ў пажыцьцёвае карыстаньне.

Спадарыня Сьмірнова атрымала ў спадчыну палову дому ў прыватным сэктары Берасьця і палову зямельнага надзелу. Аднак яна кажа, што доўгі час ня можа дабіцца атрыманьня гэтага надзелу ў пажыцьцёвае карыстаньне. Замест гэтага Ірыне Сьмірновай прапануюць замацаваць надзел за сабой праз арэнду. З гэтай пазыцыяй выступае і сусед Ірыны Сьмірновай, які, дарэчы працуе ў землеўпарадкавальнай арганізацыі. Сусед Сьмірновай мае кватэру ў гэтым жа доме. Але жанчына на гэта не пагаджаецца, бо баіцца часовых умоваў арэнды. Спадарыня кажа, што такім чынам яе ў выніку могуць увогуле пазбавіць права на гэтую зямлю.

Юрыдычны бок пытаньня камэнтуе праваабаронца Ўладзімер Малей:

«Канстытуцыя і закон аб зямлі ўсталёўваюць тое, што грамадзянін Беларусі мае права на пажыцьцёвае карыстаньне зямельным надзелам. У дадзеным выпадку дамаўладаньне складаецца з двух кватэр. Таму дзяржава прапануе вырашыць справу, здаўшы зямлю Ірыне Сьмірновай у арэнду. Тым больш, што сястра Ірыны, якая таксама мае тут частку спадчыны, зьяўляецца грамадзянкай іншай краіны.
Тут і пачынаецца супярэчнасьць. Бо замежным грамадзянам зямлю заканадаўства дазваляе перадаваць толькі ў арэнду. Але што такое арэнда? Дом знаходзіцца ў цэнтры гораду, зямля тут вельмі дарагая, і таму існуе сур’ёзная рызыка, што з надуманых прычынаў могуць спыніць дамову аб арэндзе і сказаць, маўляў, зносьце гэтую халупу... І гэтыя 8 сотак аддадуць, каб паставіць камусьці палац...
Таму Ірына Сьмірнова небеспадстаўна змагаецца за сваё права на пажыцьцёвае карыстаньне надзелам».

Дом Ірыны Сьмярновай у цэнтры Берасьця

Дом Ірыны Сьмярновай у цэнтры Берасьця

Паседжаньне калегіі абласнога суду пачалося з камічнай сытуацыі. Старшыня калегіі запытаўся ў спадарыні Сьмірновай, ці давярае яна суду, маючы на ўвазе, ці ня будзе хадайніцтваў аб адводзе суду. Аднак жанчына сказала, што яна ўвогуле не давярае беларускай судовай сыстэме. Тым часам судзьдзя ўспрыняў гэты рытарычны сказ як хадайніцтва аб адводзе судзьдзі і абвесьціў перапынак. Пасьля перапынку паведамілі, што хадайніцтва не задавальняецца і паседжаньне працягнулася.

Пасьля вынясеньня рашэньня не на карысьць Ірыны Сьмірновай жанчына павіншавала судьдзяў з Днём Канстытуцыі. Ужо на вуліцы яна сказала журналістам, што ёй вельмі крыўдна, што нават у Дзень Канстытуцыі адзінокая жанчына ня можа дабіцца абароны сваіх канстытуцыйных правоў у судзе.
Тым ня меней, жанчына кажа, што і надалей будзе дабівацца права на пажыцьцёвае валоданьне надзелам.
XS
SM
MD
LG