Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Марціновіч у сваім апошнім блогу выказаў цікавыя развагі пра тое, чаму беларускае грамадзтва, большая частка якога ўжо не прымае дзейную ўладу, маўчыць. Праблема ня новая. Але яна моцна актуалізавалася менавіта цяпер, калі беларуская сацыяльная мадэль апынулася ў стане крызісу.

Калі паспрабаваць адказаць на гэтае сакрамэнтальнае пытаньне адной фразай, то яна можа гучаць так: мы маем фэномэн кансалідаванай улады ў атамізаваным грамадзтве. У Беларусі няма гарызантальных сувязяў, якія існуюць у іншых краінах.

У традыцыйных грамадзтвах, якія не перажылі індустрыяльную рэвалюцыю, існуе цэлая сыстэма моцных структур, якія аб’ядноўваюць грамадзтва: сельскія абшчыны, родавыя кланы, рэлігійныя супольнасьці. Напрыклад, «Арабская вясна» была б немагчымая без мусульманскіх, этнічных, зямляцкіх арганізацый, якія мабілізоўвалі народ на рэвалюцыі. Невыпадкова цяпер там на першы плян выходзяць ісламскія структуры.

У заходніх краінах на месца традыцыйнага грамадзтва прыйшла грамадзянская супольнасьць, якая выступае адначасова як апанэнт і партнэр дзяржавы.

У Беларусі традыцыйнае грамадзтва было разбурана падчас сацыялістычнай індустрыялізацыі. Але грамадзянская супольнасьць не ўтварылася. Бо перашкодай для гэтага была раней таталітарная, а цяпер аўтарытарная сыстэма.
У Беларусі грамадзянская супольнасьць не ўтварылася. Бо перашкодай для гэтага была раней таталітарная, а цяпер аўтарытарная сыстэма.

Трэба адзначыць, што ў беларускіх незалежных мэдыях шмат разважаюць пра грамадзянскую супольнасьць у краіне, ствараюцца розныя структуры, пакліканыя яе прадстаўляць, ёсьць дэлегацыя ад гэтых інстытуцыяў у праграме «Ўсходняе партнэрства». Уладзімер Мацкевіч нават прапануе гэтую грамадзянскую супольнасьць як альтэрнатыву цяперашняй апазыцыі.

На мой погляд, тут проста блытаніна з паняцьцямі. Справа ў тым, што ў нас грамадзянскай супольнасьцю назвалі сетку NGO, аб’яднаную ў «трэці сэктар». А гэта зусім розныя рэчы. «Трэці сэктар» можна лічыць хіба што правобразам, самай пачатковай стадыяй фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.

На Захадзе грамадзянская супольнасьць — гэта цэлая сыстэма арганізацыяў, якія служаць пасрэднікамі паміж грамадзянамі і ўладай, прадстаўляюць інтарэсы грамадзтва, выносяць іх на ўзровень дзяржаўных інстытутаў. Там NGO ахопліваюць большасьць насельніцтва і служаць неад’емнай часткай палітычнай сыстэмы.

У Беларусі ж NGO аб’ядноўваюць вузкі слой сацыяльна актыўных энтузіястаў. Казаць пра прадстаўніцтва інтарэсаў вялікіх групаў насельніцтва не выпадае. «Трэці сэктар» у такім жа гета, на такім жа маргінэсе, як і палітычная апазыцыя. Гэта — цалкам пазасыстэмная зьява.

Хачу зьвярнуць увагу, што грамадзянская супольнасьць — гэта менавіта структуры, арганізацыі, у якія аб’яднаныя людзі, а не сукупнасьць грамадзян, індывідаў. Бо ў нашых мэдыях часам гэтую зьяву трактуюць не зусім дакладна.

У Беларусі з-за адсутнасьці грамадзянскай супольнасьці адзінае злучво, якое аб’ядноўвае беларускае насельніцтва ў адзіны соцыюм (асьцерагаюся казаць — нацыю), — гэта дзяржава, яе органы і інстытуты.
У Беларусі адзінае злучво, якое аб’ядноўвае беларускае насельніцтва ў адзіны соцыюм — гэта дзяржава.

Індустрыяльная рэвалюцыя спарадзіла новы від гарызантальных сувязяў — эканамічныя, вытворчыя. Як вядома, капіталізм стварыў агульнанацыянальныя рынкі, што зьявілася эканамічнай асновай фармаваньня нацыяў. Марксізм, абсалютызуючы клясавыя адносіны, зрабіў стаўку на пралетарыят як супольнасьць, аб’яднаную самім працэсам вытворчасьці, сканцэнтраванай на заводах і фабрыках. Гэта, на думку Маркса, павінна было садзейнічаць перавароту ў сацыяльных адносінах.

Таталітарныя дзяржавы ў ХХ стагодзьдзі выкарысталі вялікую канцэнтрацыю працоўных на прадпрыемствах дзеля татальнага кантролю за грамадзтвам. У фашыстоўскіх краінах дзейнічала карпаратыўная сыстэма. У СССР прадпрыемствы, працоўныя калектывы былі ня толькі суб’ектамі гаспадараньня, але і палітычнымі суб’ектамі, інстытутамі, з дапамогай якіх дзяржава ажыцьцяўляла кантроль за ляяльнасьцю, добранадзейнасьцю грамадзян.

Пасьля краху камуністычнай сыстэмы адбылася дэпалітызацыя працоўных калектываў. Але пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі яны зноў вярнулі сабе ранейшую функцыю. Тую ролю, якую раней адыгрывалі парткомы, цяпер выконвае ідэалягічная вэртыкаль. На кожным прадпрыемстве і ўстанове, большасьць якіх дзяржаўныя, ёсьць намесьнік кіраўніка па ідэалёгіі. Плюс афіцыйны прафсаюз, ячэйкі БРСМ, «Белай Русі» і інш. Гэта адна з галоўных прычын, чаму Лукашэнка так упарта супраціўляецца прыватызацыі.

Але гэты мэханізм кантролю дзейнічае толькі ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай стабільнасьці. У крызіс працоўныя калектывы як галоўны элемэнт гарызантальных сувязей могуць стаць чыньнікам мабілізацыі людзей на пратэст. Пра гэта сьведчаць тыя канфлікты, якія ўспыхваюць на прадпрыемствах апошнім часам. А паколькі большасьць прадпрыемстваў дзяржаўныя, то любы пратэст скіроўваецца супраць улады. І ў гэтым сэнсе Маркс меў рацыю.

Апошнімі гадамі зьявілася новая форма гарызантальных сувязяў — сацыяльныя сеткі інтэрнэту. У шмат якіх краінах яны паказалі сябе як эфэктыўны інструмэнт мабілізацыі людзей на масавыя пратэсты. Можна ўзгадаць досьвед леташніх «маўклівых акцыяў» у Беларусі.

Але сацыяльныя сеткі з аднолькавым посьпехам могуць быць як мэханізмам мабілізацыі людзей на пратэсты, так і сродкам выпускаць пару. Лаянка на адрас улады ў інтэрнэце шмат для каго робіцца альтэрнатывай публічнаму пратэсту.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG