Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«МММ-2011» дабраўся да Берасьця


У Берасьці адкрыўся кансультатыўны цэнтар фінансавай піраміды «МММ-2011». Да гэтага прымеркавалі акцыю на вуліцы і прэсавую канфэрэнцыю. Падчас акцыі берасьцейскія эмэмэмшчыкі раздалі 300 ружаў жанчынам на вуліцы. Акрамя таго, распаўсюдзілі багата рэклямнай прадукцыі.

Пасьля адбылася прэсавая канфэрэнцыя, на якой з журналістамі гутарыў кіраўнік структуры «МММ-курс Беларусі» Аляксей Саладун. Спадар Саладун — ураджэнец Берасьця, былы карэспандэнт мясцовых выданьняў. Цяпер ён мае высокую пазыцыю ў герархіі «МММ».

Ён распавёў, што праваахоўныя органы ня могуць прад’явіць ніякіх прэтэнзіяў да фінансавай піраміды, бо да іх не трапляе ніякіх скаргаў. Адразу ж Аляксей Саладун папярэдзіў, што людзям тут не даецца ніякіх гарантыяў, што іхнія грошы вернуцца. Таму, мяркуе кіраўнік «МММ» у Беларусі, дзейнасьць піраміды ня ёсьць махлярствам.

Спадар Саладун даводзіць, што існаваньне «МММ» выгадна дзяржаве:

«Наша задача, у прынцыпе, падобная да мэтаў ураду. Гэта зьніжэньне сацыяльнай напружанасьці, аднаўленьне падупалай эканомікі. Гэта ўсё магчыма, таму што людзі дастаюць свае грошыкі з-пад матрацаў і нясуць іх у банкі. Узрастае грашовы абарот, адначасова аздараўляецца эканоміка».

Адказваючы на пытаньне «Свабоды», Аляксей Саладун пракамэнтаваў і нядаўнюю заяву намесьніка старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргея Дубкова. Спадар Дубкоў казаў, што піраміда — гэта зло, а Нацбанк і ўлады будуць супрацьстаяць дзейнасьці «МММ» у Беларусі. Аляксей Саладун лічыць, што такія заявы паходзяць «ад неразуменьня карысьці „МММ“ для дзяржавы».

Спадар Саладун паведаміў, што мясцовыя ўлады не праяўлялі ані адкрытай цікавасьці, ані насьцярожанасьці ў сувязі са зьяўленьнем фінансавай піраміды ў Берасьці.

Акрамя кветак, берасьцейцам раздавалі і рэкляму фінансавай піраміды

Акрамя кветак, берасьцейцам раздавалі і рэкляму фінансавай піраміды

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG