Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заступаецца за саюзьніка


Магчымасьць увядзеньня эканамічных санкцый у дачыненьні да партнэра па Саюзнай дзяржаве занепакоіла Расею.

15 сакавіка расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітры Рагозін заявіў, што ў выпадку ўзмацненьня палітычных і эканамічных санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі Расея акажа ёй ўсебаковую падтрымку.

«Гэта пытаньне зьвязанае ня толькі з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам. Гэта ў цэлым міжурадавае ўзаемадзеяньне, — цытуе Рагозіна РИА Новости. — Але магу сказаць адно: мы нашых беларускіх калегаў у крыўду не дамо».

Масква выказвалася з нагоды эканамічнага ціску і раней. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі Ўладзімер Пуцін казаў, што санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі не адаб’юцца на інтэграцыйных працэсах у рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

Праўда, пасьля перамогі Пуціна на выбарах урады Беларусі, Казахстана і Расеі сумесна заявілі аб недапушчальнасьці эканамічных санкцый супраць Менску, якія могуць стварыць перашкоды для працы Мытнага саюзу і АЭП. На думку аўтараў дакумэнта, «гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы, перш за ўсё для простых грамадзян».

Адзначаючы, што Ўладзімер Пуцін фармальна застаецца кіраўніком расейскага ўраду, менскі аглядальнік-міжнароднік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на супярэчлівасьць перадвыбарчай і пасьлявыбарчай пазыцый Крамля.

А вось якую пазыцыю заняў расейскі МЗС: «Заклікаем заходніх калегаў устрымацца ад спроб аказаць ціск на нашых партнэраў па Мытным саюзе. Мы — за раўнапраўны і паважлівы дыялёг, у рамках якога могуць быць урэгуляваны любыя ўзьніклыя праблемы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG