Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскі аблвыканкам Кастусёву: «Станам мовы мы занепакоеныя, але ён ня жудасны»


Магілёўскі аблвыканкам ня лічыць стан беларускай мовы ў рэгіёне «жудасным». Пра гэта гаворыцца ў лісьце намесьніку старшыні партыі БНФ Рыгору Кастусёву.

Палітык зьвяртаўся да кіраўніка абласной вэртыкалі Пятра Рудніка, каб давесьці яму, што на Магілёўшчыне звужаецца выкарыстаньне нацыянальнай мовы беларусаў. У лісьце кандыдат у прэзыдэнты сьцьвярджаў, што зацьверджаны Руднікам «Комплекс першачарговых мер Магілёўскага аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010–2012 гады» не выконваецца. Для папулярызацыі мовы Кастусёў прапаноўваў дапамогу партыі БНФ.

Паводле палітыка, з адказу, падпісанага намесьнікам старшыні аблвыканкаму Валерыем Малашкам, незразумела, ці патрэбная такая дапамога. У лісьце пра гэта не гаворыцца, кажа Рыгор Кастусёў:

«Мне дзякуюць за маю грамадзянскую пазыцыю і тут жа зазначаюць, што аблвыканкам таксама занепакоены станам беларускай мовы, але яны не пагаджаюцца з тым, што ён жудасны і што многія дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі наўмысна робяць захады па звужэньні ўжываньня беларускай мовы. Пералічваюцца прыклады станоўчай дзейнасьці па папулярызацыі мовы. Адзначаецца, што беларускамоўных школ у рэгіёне амаль 53 працэнты. У 223 школах выкладаюцца прадметы на беларускай мове. Прызнаецца, што іх становіцца меней, бо закрываюцца, але адкрытыя беларускамоўныя клясы ў Магілёве й Горках. Яшчэ працуюць 63 беларускамоўныя групы ў гарадзкіх дзіцячых садках.

Карацей, на мае пытаньні я атрымаў адпіску. Чыноўнікам на беларускую мову пляваць. Таму і зьяўляюцца таемныя лісты ў аблвыканкамы ад былога рэктара Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, былога міністра адукацыі Радзькова аб спыненьні гвалтоўнай беларусізацыі. У іншых краінах за такія парады чыноўнік пазбавіўся б пасады, а ў нас сядзяць».

Як вынікае з адказу чыноўнікаў, на чыгуначным вакзале ў Магілёве інфармацыйнае табло раскладу руху цягнікоў перапісана зь беларускай на расейскую мову, бо замежныя грамадзяне ня ведаюць мовы беларусаў. Для беларусаў іх мова засталася на станцыях за горадам.

«Комплекс першачарговых мер Магілёўскага аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010–2012 гады» быў зацьверджаны Пятром Руднікам 31 сьнежня 2009 году. Пра ход ягонай рэалізацыі зьвестак у даступных крыніцах інфармацыі вельмі мала.
XS
SM
MD
LG