Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крыстыян Вігенін: Мы атрымалі інфармацыю пра станоўчыя зрухі


Эўрадэпутат Крыстыян Вігенін з Баўгарыі спадзяецца, што ў бліжэйшыя дні ўлады Беларусі выпусьцяць на волю некаторых палітвязьняў.

Максімюк: Чаму Эўрапарлямэнт сёньня адклаў галасаваньне над рэзалюцыяй па Беларусі?

Вігенін: Мы падумалі, што будзе добра, калі мы пачакаем некалькі дзён і паглядзім, ці беларускі бок зробіць нейкія крокі ў адказ на апублікаваны праект рэзалюцыі. Калі так, дык мы нанясем папраўкі ў рэзалюцыю і прагаласуем яе на наступным пленарным пасяджэньні. А з другога боку, мы ўсё яшчэ маем надзею, што ўлады Беларусі задумаюцца над сваёй сытуацыяй самаізаляцыі і зробяць нейкія крокі дзеля нармалізацыі адносін з Эўразьвязам. Так што адклад галасаваньня над рэзалюцыяй — гэта ня знак нашага хістаньня адносна ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, а спроба даць шанец беларускаму боку адрэагаваць на тое, што мы ўклалі ў праект рэзалюцыі.

Максімюк: А якія крокі з боку Менску маглі б схіліць эўрадэпутатаў да нанясеньня паправак у тэкст рэзалюцыі?

Вігенін: Я веру, што ў бліжэйшыя дні могуць быць вызваленыя палітычныя вязьні. Вызваленьне палітвязьняў — гэта непарушная ўмова Эўрапарлямэнту і Эўразьвязу. Я думаю, што гэткі крок уладаў Беларусі быў бы станоўчым пасылам у бок Эўразьвязу. Я ня думаю, што ён быў бы дастатковым, але ён безумоўна неабходны для нармалізацыі адносін з Эўразьвязам. І, магчыма, абодва бакі маглі б паразумецца адносна ўзнаўленьня нармальных дыпляматычных адносін. Калі так адбудзецца, дык гэтыя крокі знойдуць адлюстраваньне ў нашай рэзалюцыі.

Максімюк: Наш карэспандэнт у Брусэлі, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў структурах Эўразьвязу, паведамляе, што афіцыйны Менск зрабіў пэўныя намёкі адносна таго, што ў бліжэйшыя дні могуць быць вызваленыя некаторыя палітычныя вязьні? Вы таксама атрымалі такія намёкі?

Вігенін: Я магу толькі пацьвердзіць, што існуе прынамсі спадзяваньне, што гэта можа адбыцца. Я не магу пацьвердзіць, ці сапраўды такая інфармацыя паступіла. Але мы атрымалі інфармацыю пра станоўчыя зрухі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG