Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перанос чэмпіянату сьвету-2014 стане вынікам агульных намаганьняў


Падчас папярэдняга абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі асобныя дэпутаты Эўрапарлямэнту абгрунтавалі неабходнасьць зьвярнуцца да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам перанесьці хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году зь Беларусі ў іншую краіну.

Нягледзячы на адсутнасьць адзінай пазыцыі што да магчымасьці ўзьдзеяньня на рэжым Лукашэнкі праз улюбёны ім хакей, эўрапейскія дэлегаты ўсё ж схіляюцца да думкі: спорт можа быць тым інструмэнтам, які прыцягне ўвагу ўсясьветнай супольнасьці да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Канчатковы тэкст рэзалюцыі плянуецца ўхваліць на наступным паседжаньні ў Брусэлі.

Пункт 8 праекту рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі заклікае нацыянальныя хакейныя фэдэрацыі дзяржаў-сябраў ЭЗ і іншых краінаў папрасіць Міжнародную фэдэрацыю хакею на травеньскім кангрэсе ў Хэльсынкі перагледзіць рашэньне аб правядзеньні чэмпіянату сьвету-2014 у Беларусі і абмеркаваць магчымасьць пераносу яго ў іншую краіну. Пакуль палітычныя зьняволеныя, якіх міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі вязьнямі сумленьня, ня будуць вызваленыя з турмаў і пакуль рэжым не праявіць відавочных прыкметаў сваёй прыхільнасьці і павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону, гуляць у хакей у Беларусі — зьдзек.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі — адзін з ініцыятараў збору подпісаў сярод калегаў-парлямэнтароў супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў дыктатарскай краіне. На яго перакананьне, рэжым Лукашэнкі не заслугоўвае такога гонару — прынамсі, пакуль у Беларусі будуць гвалтам заціскацца любыя праявы іншадумства:

Марэк Мігальскі

Марэк Мігальскі

«Вядома, як моцна Лукашэнка любіць хакей. І можна толькі ўявіць, які будзе ўдар, калі ў яго гэтую цацку адбяруць. Але самае важнае іншае: нельга праводзіць чэмпіянат, які ёсьць сьвятам спорту, сьвятам салідарнасьці, у краіне, дзе ў турмах сядзяць апазыцыянэры, да якіх, апроч усяго, ужываюцца катаваньні. Адназначна, такое спартовае сьвята ня можа быць у дзяржаве, грамадзяне якой ня маюць асаблівых падставаў, каб радавацца. Мы спадзяемся, што Міжнародная фэдэрацыя хакею зразумее: калі чэмпіянат сьвету будзе арганізаваны ў такой краіне, як Беларусь, дзе ігнаруюцца правы ўласных грамадзян, то гэта паставіць пад пытаньне яе ўласную дэмакратычнасьць. Бо ўскосна ці наўпрост, але гэтая арганізацыя спрыяе дыктатуры. Таму я спадзяюся, што там урэшце зразумеюць: чэмпіянат у дыктатарскай краіне выставіць у непрыглядным сьвятле саму фэдэрацыю».

Спартовая грамадзкасьць да ідэі пазбавіць Беларусь усясьветнага хакейнага чэмпіянату ставіцца па-рознаму. Адны лічаць, што спаборніцтвы такога рангу якраз паспрыяюць дэмакратызацыі краіны і, магчыма, здолеюць перавыхаваць нават апошняга дыктатара Эўропы. Іншыя ж перакананыя, што прышчапіць дэмакратычныя каштоўнасьці Лукашэнку і ягонаму атачэньню ўжо немагчыма — цягам 18 гадоў улады толькі аддаляліся ад эўрапейскай цывілізацыі. На думку спартовага аналітыка Ўладзімера Даўжэнкі, цяпер сваё слова павінны сказаць і самі беларусы:

«Асабіста я за тое, каб гэты чэмпіянат не адбыўся, і перакананы, што такое рашэньне будзе правільным. Але гэта ня мне прымаць, таму тут пустая размова.
Лішні раз паказаць беларускаму народу, як трэба дзейнічаць ...

Што ў гэтым зьвязку хацеў бы падкрэсьліць: падзеі, якія цяпер маюць месца, надзвычай важныя. Калі дагэтуль былі нейкія асобныя прапановы, то зараз гэтае пытаньне мусіруецца на вельмі высокім узроўні. І я вельмі ўдзячны эўрапейскай супольнасьці, усясьветнай супольнасьці за тое, што яны зноў і зноў будзіруюць гэтае пытаньне. Гэта перш за ўсё карысна ведаеце зь якога боку? Лішні раз паказаць беларускаму народу, як трэба дзейнічаць. Таму што дзіўна: увесь сьвет супраць, а беларускі гэты народ — хочацца як мага мацней выказацца, але прамаўчу — яму, так бы мовіць, усё да лямпачкі».

Тым ня меней у беларускага хакейнага першынства-2014 нямала замежных лабістаў. Так, прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Латвіі Кіраў Ліпманс лічыць, што аўтарытэту эўрадэпутатаў ня хопіць, каб зьмяніць пазыцыю Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Ён нагадвае: кіраўніцтва фэдэрацыі неаднаразова падкрэсьлівала, што не зьбіраецца пераносіць хакейны чэмпіянат зь Беларусі ў нейкае іншае месца:

«Яны могуць паспрабаваць неяк паўплываць, але ня думаю, што гэта можа здарыцца насамрэч. Міжнародная фэдэрацыя хакею — арганізацыя надзвычай моцная, годная, адна зь нямногіх, якая пасьлядоўна адстойвае інтарэсы свайго
я за тое, каб у Беларусі чэмпіянат сьвету быў ...

віду спорту. І яе пазыцыя ў дадзеным пытаньні вельмі правільная. Я ўжо выказваўся і не адмаўляюся ад сваёй думкі: я супраць кампаніі, каб перанесьці чэмпіянат зь Беларусі. Лічу, што ўсё гэта няправільна і чэмпіянат сьвету павінен застацца за беларусамі. За такія выказваньні на мяне ўжо былі нападкі і г.д., але я ня той чалавек, які зьмяняе свае рашэньні. Тым больш, з улікам чэмпіянату сьвету можна было б паспрабаваць неяк зблізіцца, паказаць і Эўропе, і сьвету, што ня так усё трагічна. Усяляк жа можна павярнуць, гэта якраз інструмэнт для наладжваньня ўзаемаадносінаў паміж людзьмі. Таму я за тое, каб у Беларусі чэмпіянат сьвету быў».

Падчас сёньняшняга абмеркаваньня эўрадэпутат ад Славаччыны, славуты хакеіст Пэтэр Шцястны заявіў, што беларускі народ заслугоўвае тых жа свабодаў, якімі карыстаюцца людзі ў Эўразьвязе. Аднак замест элемэнтарных правоў беларусы сутыкаюцца з рэпрэсіямі і арыштамі, а наяўнасьць палітычных вязьняў тут — амаль што норма. У гэтым зьвязку, падкрэсьліў Пэтэр Шцястны, перанос чэмпіянату сьвету па хакеі-2014 павінен стаць «інтэгральнай часткай» усіх заканадаўчых актаў, ухваленых краінамі Эўразьвязу і ЗША: «Хакей не павінен быць інструмэнтам для прамоцыі рэпрэсіўнага антыдэмакратычнага рэжыму», — заявіў палітык.
XS
SM
MD
LG