Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыктатар не разумее галоўнага прынцыпу спорту — свабоднага спаборніцтва»


У Эўрапарлямэнце адбылося папярэдняе абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі ў сувязі з намерам прыняць сёньня рэзалюцыю з заклікам перанесьці чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году зь Беларусі ў іншую краіну.

Польскі эўрапарлямэнтар Яцэк Пратасевіч ў сваім выступе, у прыватнасьці, сказаў:

«Вялікі дзякуй старшыні і эўракамісару за падрабязны выклад сытуацыі вакол нашага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Гэта факт, што сытуацыя ў гэтай краіне і нашы дачыненьні зь ёй мы тут абмяркоўваем рэгулярна і нават часта. Сёньня мы абмяркоўваем адказ Эўразьвязу на дыпляматычную вайну, якую два тыдні таму Эўропе прапанавалі ўлады Беларусі. Адным з вынікаў гэтай вайны можа быць паглыбленьне самаізаляцыі Беларусі. Спадзяюся, што нікому такая пэрспэктыва не ўсьміхаецца, нават недэмакратычным уладам гэтай краіны. Вынікам можа быць толькі працэс страты незалежнасьці гэтай дзяржавай, які цяпер паглыбляецца. Я лічу, што цяпер існуе магчымасьць, ня гледзячы на высылку паслоў, устрымацца ад далейшага паглыбленьня канфлікту, і ёсьць нават магчымасьць павароту Беларусі да элемэнтарных адносін з Захадам. Для гэтага патрэбна выпусьціць палітычных вязьняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазыцыі і незалежных журналістаў і абаронцаў правоў чалавека. Разам з тым, з падрыхтоўкай да элемэнтарных выбараў згодна з элемэнтарнымі, мінімальнымі прынцыпамі эўрапейскімі. Кажучы коратка — цяпер час для пераменаў. Гэта заклік да Менску, бо пакуль што яшчэ ня позна».

Эўрапарлямэнтар ад Славаччыны, славуты хакеіст Пэтэр Шцясны, заявіў:

​«Беларускі народ заслугоўвае тых жа, або прынамсі падобных свабодаў, якім карыстаюцца людзі ў Эўразьвязе. Але рэпрэсіі і арышты, суды і прысуды, палітычныя вязьні застаюцца нормай у гэтай краіне. Рэжым Лукашэнкі падвяргаецца асуджэньню па ўсім сьвеце, уключаючы беспрэцэдэнтную рэзалюцыю Сэнату ЗША, рэзалюцыю Эўрапарлямэнту і нядаўна падпісаны прэзыдэнтам ЗША Абамам „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“. Перанясеньне чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году зьяўляецца інтэгральнай часткай усіх гэтых заканадаўчых актаў. Хакей на лёдзе не павінен быць інструмэнтам для прамоцыі рэпрэсіўнага антыдэмакратычнага рэжыму...»

Эўрапарлямэнтар ад Чэхіі Лібар Роўцэк падтрымаў члена Эўрапарлямэнту ад Польшчы Яцка Пратасевіча.

«Беларускі рэжым, як сказаў Яцэк Пратасевіч, выбірае самаізаляцыю. На жаль, гэта адначасова і ізаляцыя беларускага народу. Гэта ня тое, чаго мы хочам. У сваёй рэзалюцыі мы выказваем салідарнасьць зь беларускім народам. Мы хочам паказаць і хочам даць ведаць людзям у Беларусі, што тут, у Эўрапарлямэнце, у Эўразьвязе ім выказваюць салідарнасьць, дапамогу і надзею, што Беларусь некалі пойдзе шляхам сваіх суседзяў да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону. Стан беларускай эканомікі паказвае што без рэформаў няма выйсьця. А гэтыя рэформы немагчымыя без рэформаў грамадзтва і дыялёгу з апазыцыяй, незалежнымі журналістамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і незалежных прафсаюзаў... Таму я падтрымліваю праект рэзалюцыі».

Эўрапарлямэнтарка ад Эстоніі Крысьціна Аюланд заявіла:

«Ня будзе прагрэсу ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Беларусьсю бяз старту дэмакратычных рэформаў у гэтай краіне. Мы павінны сканцэнтраваць свае намаганьні на падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. Я заклікаю Міжнародную фэдэрацыю хакею перанесьці чэмпіянат сьвету 2014 году зь Беларусі ў іншае месца. Лукашэнка не заслугоўвае такога гонару — прымаць у сябе такія гульні. Дыктатар, які не разумее прынцыпаў дэмакратыі, ня можа зразумець і галоўнага прынцыпу спорту — свабоднага спаборніцтва».
XS
SM
MD
LG