Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадач: Фактычна людзей не расстрэльваюць, а забіваюць


Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

Былы палкоўнік вайсковага спэцназу Ўладзімер Барадач пракамэнтаваў адмову Аляксандра Лукашэнкі памілаваць Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

«Фактычна людзей не расстрэльваюць, а забіваюць — калі ўлічыць, што да канца не расьсьледаваныя ўсе абставіны злачынства, не высьветлены тыя, хто замовіў гэтае злачынства, хто яго арганізаваў і выканаў. Раней я ўжо казаў, што лічу Канавалава і Кавалёва сьмяротнікамі, што ім ня жыць. Але, улічваючы шырокі рэзананс, як міжнародны, гэтак і ўнутраны, я ўсё ж думаў, што хаця б Кавалёў будзе памілаваны. Потым яго, можа, і забілі б у турме, як гэта ў нас робіцца, але зараз маглі б памілаваць. І з пункту гледжаньня аўтарытэту краіны ды яе кіраўніцтва расстрэл ня выгадны. Але тут, відаць, сваю ролю выканаў фактар страху. Страху ад таго, што непажаданая інфармацыя адносна тэракту пачне выходзіць за межы турмы.

Паводле маіх дадзеных, болей за 60% насельніцтва ня вераць у стопрацэнтную датычнасьць дадзеных людзей да гэтага тэракту. Яны падазраюць, што датычныя да яго іншыя людзі. У такіх умовах Лукашэнку трэба было прызначыць новае расьсьледаваньне, прызначыць новую сьледчую групу. Але на гэта ён не рашыўся, бо разумеў, што зьявяцца новыя сьведкі гэтага злачынства — гэта сьледчыя. Акрамя таго, стануць вядомымі шэраг працэсуальных парушэньняў, выявяцца асобы, якіх прымушалі „выбіваць“ прызнальныя паказаньні ў Кавалёва і Канавалава. А таксама могуць выявіцца асобы, якія давалі сьледчым такія злачынныя загады, ад якіх можна было б выйсьці на непасрэдных заказчыкаў тэракту.

Заўважу, што ня толькі забіваюць асноўных сьведак самага гучнага злачынства ў гісторыі Рэспублікі Беларусь, але ліквідуюць і рэчавыя доказы, на якіх было пабудавана абвінавачаньне. Навошта гэта рабіць? Мой адказ — каб прыбраць усе сьляды злачынства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG