Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ патрабуе ў Генпракуратуры аднавіць законнасьць


Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначае няўхільнае пагаршэньне сытуацыі са свабодай слова і іншымі грамадзка-палітычнымі правамі ў краіне.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве грамадзкага аб’яднаньня з нагоды абмежаваньня права на выезд з краіны журналістаў і сяброў БАЖ.

«Амаль адначасова адбываюцца незаконнае абмежаваньне права на свабоду перамяшчэньня сябраў арганізацыі, рэзкае ўзмацненьне перасьледу журналістаў з боку пракуратуры і КДБ, а таксама распаўсюд недакладнай і зьневажальнай інфармацыі пра БАЖ і яго кіраўніцтва дзяржаўным тэлебачаньнем», — адзначаецца ў заяве.

За апошнія некалькі дзён ужо чатыром сябрам БАЖ адмоўлена ў выезьдзе за мяжу. Гэта старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» Міхась Янчук, шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Ніводная з афіцыйных структур не дае журналістам інфармацыі, кім і на якой падставе прымалася рашэньне аб часовым абмежаваньні іх права на выезд з краіны.

Паводле сяброў БАЖ, гэтыя абмежаваньні наўпрост парушаюць артыкул 30 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога грамадзяне краіны маюць права свабодна пакідаць Беларусь, — гэтак жа як і закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Абмежаваньне права журналістаў і сябраў БАЖ на выезд з краіны супярэчыць таксама артыкулам 33 і 34 Канстытуцыі, якія гарантуюць грамадзянам свабоду выказваньня і свабоду распаўсюду інфармацыі.

«Масавыя парушэньні свабоды думкі праяўляюцца і ў тым, што з пачатку году сем журналістаў з Горадні і Полацку атрымалі вусныя альбо пісьмовыя папярэджаньні ад органаў пракуратуры і КДБ. Яшчэ адзін журналіст зь Берасьця выкліканы ў абласную пракуратуру на 19 сакавіка. Таксама вельмі трывожнымі сыгналамі для журналістаў сталі затрыманьні ў апошнія дні ў Менску дзьвюх замежных здымачных груп — эстонскай з канала TV3 і швэдзкай з SVT, якія былі акрэдытаваныя ў краіне.

Нельга не зьвярнуць увагі на тое, што ціск на журналістаў і сябраў БАЖ павялічыўся неўзабаве пасьля распачатай на беларускім тэлебачаньні кампаніі цкаваньня і дыскрэдытацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў і яе кіраўніцтва. Складаецца ўражаньне, што беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне займаецца ідэалягічным забесьпячэньнем наступу на незалежную журналістыку ў краіне», — адзначаецца ў заяве.

Жанна Літвіна: Мае правы груба парушаныя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:42 0:00
Наўпроставы лінк

БАЖ выказвае рашучы пратэст супраць абмежаваньня журналісцкай дзейнасьці, правоў і законных інтарэсаў сваіх сяброў. Таксама патрабуе, каб Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС і Дзяржаўны памежны камітэт адказалі на пытаньне — якая дзяржаўная ўстанова і на якой падставе прымала рашэньне абмежаваць шэрагу грамадзян выезд з краіны. Аб’яднаньне зьвяртаецца ў Генпракуратуру з патрабаваньнем зрабіць захады па аднаўленьні законнасьці. БАЖ заяўляе, што будзе і надалей, незалежна ад ціску на арганізацыю, ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць па ўсталяваньні свабоды слова ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG