Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калегія Берасьцейскага абласнога суду адмовілася задаволіць скаргу каардынатара руху «За свабоду» Дзяніса Турчаняка на намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава.

Суд ня ўгледзеў парушэньняў з боку чыноўніка, які не прадставіў Турчаняку пэўныя рашэньні гарвыканкаму. У абласным судзе спадар Турчаняк абскарджваў аналягічнае рашэньне Ленінскага суду Берасьця.

Дзяніс Турчаняк кажа: яго ўразіла, што нават у Дзень Канстытуцыі абласны суд не абараніў яго правы:

«Хафізаў парушыў Канстытуцыю, паводле якой я маю права на атрыманьне інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў. Суд не прыняў гэтага пад увагу. Акрамя таго, суд не палічыў вартым увагі тое, што інфармацыя, якую я запытваў, тычыцца гісторыка-культурнай спадчыны. А я як грамадзянін маю права і абавязаны яе бараніць. Гэта прадугледжана законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».

Дзяніс Турчаняк прасіў Вячаслава Хафізава прадставіць копіі рашэньняў гарвыканкаму, зь якіх актывіст хацеў даведацца пра ўласьніка занядбанага дома ў гістарычным цэнтры гораду. Турчаняк хацеў запытацца ў гаспадара будынка, чаму гістарычная спадчына знаходзіцца ў аварыйным стане, чаму не рамантуецца будынак, унесены ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Аднак чыноўнік адмовіўся прадставіць адпаведныя рашэньні гарвыканкаму. Пасьля гэтага Турчаняк падаў на яго ў суд.
XS
SM
MD
LG