Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў: «Нічога ня ведаем пра Канавалава і Кавалёва»


Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ня змог адказаць на пытаньне, ці выкананы прысуд адносна Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Дзяжурны: «Пры чым тут мы да Канавалава і Кавалёва? Мы ж не камісія па памілаваньні».

Карэспандэнт: «Гэта ж Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў?»

Дзяжурны: «Так, але ёсьць жа камісія па памілаваньні пры прэзыдэнце. Пры чым тут дэпартамэнт?»

Карэспандэнт: «Камісія сваё слова сказала, Лукашэнка не падпісаў прашэньне, і цяпер слова за дэпартамэнтам, так?»

Дзяжурны: «Паводле лёгікі так, але я нічога ня ведаю».

Карэспандэнт: «Ці азначае паведамленьне аб незадаволеньні прашэньня тое, што прысуд ужо выкананы, альбо гэта адбываецца празь нейкі час?»

Дзяжурны: «Ёсьць пэўныя тэрміны, але я дакладна ня ведаю, не валодаю інфармацыяй. Наколькі я ведаю, яны ня ўтрымліваюцца ў нас. Мяркую, абнародуюць, калі прывядуць прысуд у выкананьне».

Карэспандэнт: «Спасылаюся на размову з Алегам Алкаевым, былым начальнікам ізалятара на Валадарскага, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды. Ён распавядаў, што непадпісаньне прашэньня аб памілаваньні азначае, што прысуд уступіў у законную сілу, і для іх гэта каманда тэрмінова выканаць прысуд».

Дзяжурны: «Я ня ведаю, як выконваюцца прысуды ў Рэспубліцы Беларусь па выключнай меры пакараньня. Да нас гэтая інфармацыя не даводзіцца, ва ўсякім разе да дзяжурных».

Былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў з пачатку 2000-х гадоў стала жыве ў Нямеччыне. Тэрмінова злучыцца зь ім праз тэлефон, каб атрымаць камэнтар, пакуль не ўдалося.

Паводле ранейшых зьвестак, і пасьля суду Ўладзіслава Кавалёва ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Апошні раз маці і сястра асуджанага спаткаліся зь ім у «амэрыканцы» 11 сакавіка. Зьвестак пра тое, дзе трымалі пасьля суду Дзьмітрыя Канавалава і ці сустракаліся зь ім сваякі, няма.

Узяць камэнтар у прэсавай службы КДБ пакуль не ўдаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG