Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Пра сваю турэмную галадоўку, пра розьніцу парадкаў пры Брэжневе і пры Лукашэнку, а таксама пра тое, як ратаваць Каваленку, вядомы савецкі дысыдэнт Сяргей Кавалёў распавёў нашай радыёстанцыі.

Кавалёў: Я сам галадаў вельмі шмат у часе свайго зьняволеньня. І адзін раз дайшло да бальніцы і апэрацыі. І гэта была ня толькі мая перамога, маёй галадоўкі. Гэта была апэрацыя, якую правялі ў тагачасным Ленінградзе, у бальніцы Газа, найлепшай тады турэмнай бальніцы ў Савецкім Саюзе. Апэраваў мяне вельмі сур'ёзны спэцыяліст...

Але справа вось у чым. Гэта былі трохі іншыя абставіны. Гэта быў Брэжнеў, а не Лукашэнка, і Андропаў, які быў тады старшынём КДБ. Добрага слова пра іх ня скажаш, але гэта былі іншыя людзі. Усё ж не Лукашэнка. Не такія, як Лукашэнка. Лукашэнка – як загнаны ў кут шашок. Даволі цяжка на яго ўплываць.

А мая гісторыя вось пра што. Калі была мая галадоўка, мяне ўгаворвалі таксама людзі, ну і Андрэй Зьмітравіч (Сахараў – Рэд.) у гэтым удзельнічаў і іншыя. Але самае галоўнае – за мяне жорстка ўступілася Amnesty International. Нябожчык цяпер Валя Турчын (фізык, старшыня савецкай сэкцыі «Міжнароднай амністыі» – Рэд.) прывёў іх у мэдычную ўправу тагачаснага ГУЛАГу (а тады дзіўным чынам у гэтую мэдычную ўправу можна было прайсьці бяз пропуску), і эмнісьцёры прайшлі (дарэчы, паміж іх быў Том Стопард (брытанскі драматург – Рэд.)), яны пайшлі проста на прыём да генэрала і сказалі, што вось чалавек галадае з мэдычных прычынаў, у яго падозраньне на рак, а яго не вязуць у прыстойную ўстанову. Ну і тады мяне павезьлі ў гэтую турэмную бальнічку імя Газа ў Ленінград. І толькі там я зьняў галадоўку.

Соўсь: Ці гатовыя вы былі, калі абвяшчалі галадоўку, ісьці на сьмерць?

Кавалёў: Ведаеце, я ратаваў жыцьцё. А мне сказалі лекары, нават і ня толькі турэмныя, што яны знайшлі паліпы ў кішках, зь вельмі высокай імавернасьцю гэта рак. І лекар адвёў мяне ў бок і сказаў: ведаеце, ні ў якім разе не кладзецеся ў нашу лягерную бальніцу, патрабуйце чагосьці іншага. Такога роду апэрацыі ня трэба рабіць у нас. Гэта пагражае жыцьцю. Я і ўпёрся тады рогам. Было ў мяне спатканьне, і мае жонка і сын прыяжджалі, і я сказаў ім, што я з гэтага моманту аб'яўляю галадоўку і буду патрабаваць, каб мяне этапавалі ў Ленінград.

Я галадаў увогуле крыху больш за месяц. І калі мяне ўжо завезьлі ў бальніцу Газа, я гатовы быў зьняць галадоўку, але тады прыйшоў хірург і сказаў: вы галадалі так доўга, прагаладайце яшчэ дзень, бо ўсё адно, калі пасьлязаўтра апэрацыя, вам трэба класьціся нашча. Так і было.

Соўсь: Сяргей Каваленка, пра якога мы гаварылі, гатовы выйсьці з галадоўкі, толькі калі яго вызваляць...

Кавалёў: Калі яго вызваляць. Разумееце, гэта пытаньне не да яго. І не да мяне. А да Лукашэнкі. І хто зробіць ціск на Лукашэнку, я ня ведаю. Адзінае, што можа грамадзкасьць тут зрабіць, у прыватнасьці, расейская грамадзкасьць, – гучна ўмяшацца.

Соўсь: Беларускі апазыцыйны палітык Юры Хадыка ў 1996 годзе трымаў галадоўку пратэсту ў турме, і тады Барыс Ельцын прасіў Лукашэнку вызваліць яго, і той гэта зрабіў. І ўчора Хадыка сказаў, што Пуцін павінен папрасіць Лукашэнку, тады, можа быць, ён вызваліць Каваленку.

Кавалёў: Гэта можа быць. Я памятаю выпадак, калі я зь беларускай нагоды прасіў Яўлінскага, які ішоў проста да Ельцына ў нейкіх справах. Ня памятаю, пра каго менавіта зь беларусаў была гаворка. Я прасіў сказаць слова... І тады Ельцын тут жа затэлефанаваў Лукашэнку.

Соўсь: Гэта якраз той выпадак, пра які я згадала – Юры Хадыка. І сёньня ён кажа, што расейскі кіраўнік мог бы паўплываць...

Кавалёў: Але тады быў іншы расейскі кіраўнік. Я ня ведаю, хто цяпер мог бы зьвярнуцца да Пуціна ці да Мядзьведзева. Можа быць, Лукін? Лукін цяпер амбудсмэн... Калі вы давяраеце мне, сёньня пазваню яму. Але хто з кіраўнікоў захоча размаўляць з Лукашэнкам і якія ўмовы выставіць?.. Я паспрабую пагаварыць і зь іншымі людзьмі. Зь Фядотавым, які можа хутка зьвязацца зь Мядзьведзевым...

Ведаеце, мы жывем у постсавецкай прасторы, а гэта за малым выключэньнем краінаў Балтыі, шмат горш, чым Савецкі Саюз Гарбачова, але горш і чым Брэжнеўскі.



P.S. Пазьней праваабаронца расказаў «Свабодзе» пра вынікі сваіх гутарак. Міхаіл Фядотаў, старшыня Рады пры прэзыдэнце Расеі ў справе разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека, сказаў спадару Кавалёву, што зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым пра гэтую справу гаварыць бессэнсоўна, але ён будзе раіцца, якім чынам можна паспрыяць вызваленьню Сяргея Каваленкі. Іншы сябра Рады Валянцін Гефтэр пачаў зьбіраць інфармацыю пра справу Каваленкі з дапамогай сваіх беларускіх калег-праваабаронцаў. Сяргей Кавалёў давёў інфармацыю пра галадоўку Каваленкі і да Ўладзімера Лукіна, упаўнаважанага ў правах чалавека Расеі, які таксама паабяцаў абмеркаваць, што можна зрабіць для Сяргея Каваленкі.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG