Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НА ДВАРЫ

Вецер з Поўначы, на ўсходзе краіны магчымы сьнег ці дождж, тэмпэратура днём ад аднаго градуса марозу да пяці цяпла.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА

У сталічным офісе ТБМ (Румянцава,13) – другі этап агульнанацыянальнай дыктоўкі.

У галерэі сучаснага мастацтва “Ў” (пр. Незалежнасьці 37а) у рамках месяца швэдзкай літаратуры – вечар швэдзкага драматурга Аўгуста Стрынбэрга.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА

У Страсбуры працягнецца пасяджэньне Эўрапарлямэнту. Сярод тэмаў дня – вынікі выбараў у Расеі і сытуацыя ў Беларусі і Казахстане. Эўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі паведамляе, што заўтра Эўрапарлямэнт закліча «адабраць у Лукашэнкі хакейны чэмпіянат сьвету 2014».

Міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле наведае зь візытам Грузію.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1994 – Вярхоўны Савет Беларусі прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень нарадзіліся

1850 – Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, беларускі пісьменьнік, публіцыст.

1868 – Яўген Ляцкі, дасьледчык беларускага фальклёру, аўтар публікацыяў з гісторыі старажытнага пісьменства і, у прыватнасьці, «Слова пра паход Ігара».

1930 – Жарэс Алфёраў, фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (2000).

1940 – Ірына Шыкунова, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка БССР.

У гэты дзень памерлі

1938 – расстраляны колішні першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Васіль Шаранговіч, асуджаны ў справе праватрацкісцкага бухарынскага блёку. Рэабілітаваны ў 1957-м, яго імем названая вуліца ў Менску. Шаранговіч быў таксама сярод палітыкаў, якія ў 1933 годзе ў складзе спэцыяльнай камісіі прымалі рашэньне пра рэформу беларускга правапісу і слоўніка.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень спажыўца. ААН прыняла рашэньне адзначаць гэты дзень у гадавіну выступу ў Кангрэсе ЗША (15 сакавіка 1961 году) прэзыдэнта Джона Кенэдзі. У сваім выступе Кенэдзі агучыў чатыры неад’емныя правы грамадзянаў як спажыўцоў: права на бясьпеку, права на выбар, права на замену прадуктаў ці тавараў і права быць пачутым.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Дзе Міхалевіч?

Сьледчы экспэрымэнт па Плошчы правядуць ля магілёўскага Дому саветаў

Картэж Пуціна ў Менску

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Забесьпячэньне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь зьяўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.
Артыкул 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
XS
SM
MD
LG