Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС абвяргае інфармацыю пра масавую галадоўку на «Валадарцы»


Ліст з «Валадаркі»

Ліст з «Валадаркі»

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў абвяргаюць зьвесткі пра масавую галадоўку.

Пра гэта Эўрарадыё паведамілі ў дзяжурнай часьці дэпартамэнта: «Няма такой інфармацыі. Я б ёй валодаў. Упершыню чую. Ды не, у такой колькасьці мы рэагуем і дакладваем. Чатырнаццаць чалавек? Не, гэта няпраўда, такога няма!»

Яшчэ раней дзяжурны турмы заявіў «Свабодзе», што ня мае зьвестак пра галадоўку вязьняў і што пра такое ня чуў.

Копія звароту вязьняў, датаваная 22 лютага, трапіла да праваабаронцаў з аб’яднаньня «Плятформа». У ім паведамляецца, што ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску 14 вязьняў СІЗА-1 адмовіліся прымаць ежу. 22 лютага вязьні абвясьцілі масавую галадоўку, пратэстуючы супраць мэтадаў, якімі вядуць сьледзтва супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Паведамляецца, што ўсе галадоўнікі — абвінавачаныя па справе пра дзейнасьць арганізаванай злачыннай групы ў Пастаўскім раёне Віцебшчыны. Іх справу слухае Беларускі вайсковы суд.

У звароце вязьні заяўляюць, што матэрыялы іхнай справы фальсыфікаваліся, на сьведак і пацярпелых чыніўся ціск. Аўтары ліста заклікаюць Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь «правесьці аб’ектыўную і ўсебаковую праверку грубых парушэньняў закону з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ МУС РБ, узяўшы яе правядзеньне пад асабісты кантроль».

Паводле зьвестак, выкладзеных у дакумэнце, інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» накіравала звароты генпракурору і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Беларусі.

Як паведаміла «Свабодзе» намесьніца кіраўніка «Плятформы» Алена Красоўская, пра ўчынак вязьняў «Валадаркі» праваабаронцам распавялі іхнія блізкія. Што сёньня з галадоўнікамі — сваякам невядома.
XS
SM
MD
LG