Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Каваленкі не пасьпела сустрэцца з сынам


14 сакавіка зь Сяргеем Каваленкам на Валадарцы мелася сустрэцца ягоная маці Лідзія Каваленка, але на сустрэчу жанчына спазьнілася з-за праблемаў з транспартам. Лідзія Каваленка паведаміла «Свабодзе», што пойдзе ў ізалятар на сустрэчу з сынам 15 сакавіка, ад самай раніцы.

Стан здароўя Сяргея Каваленкі на сёньняшні дзень невядомы. Лістоў сваякі ад яго не атрымліваюць. Брат вязьня Віталь Каваленка кажа, што Сяргей проста ня ў стане пісаць лісты:

«Ён ужо на мінулай сустрэчы казаў, што ня можа ані чытаць, ані пісаць лісты. Цяжка яму».

12 сакавіка Сяргей Каваленка важыў 51 кіляграм, тэмпэратура цела галадоўніка была 35,2 градуса, ціск 60 на 90.

Сёньня ў Менску ад партыі КХП БНФ, сябрам якой ёсьць Сяргей Каваленка, аднесьлі ў генпракуратуру заяву з просьбай тэрмінова шпіталізаваць галадоўніка ў цывільную лякарню. Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі мяркуе, што пракуратура ў выпадку трагедыі зь Сяргеем Каваленкам мусіць несьці такую ж адказнасьць, як і адміністрацыя СІЗА на вуліцы Валадарскага:

«Мы нагадалі пракуратуры, што Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасьць тых службовых асобаў, якія паводле сваіх абавязкаў мусяць ратаваць людзей, але гэтага ня робяць».

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
XS
SM
MD
LG