Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Радзькоў распаўсюдзіў службовы цыркуляр, якім абавязаў старшыняў аблвыканкамаў не дапускаць «прымусовай беларусіфікацыі». Чыноўнікі гатовыя выконваць загад, грамадзкія актывісты заяўляюць пра гвалтоўную русіфікацыю.

Пра пісьмовае распараджэньне былога міністра адукацыі Аляксандра Радзькова паведаміў інтэрнэт-сайт газэты «Наша Ніва». У ім, у прыватнасьці, гаворыцца: «…Прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусіфікацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы…»

Намесьніца кіраўніка ўправы адукацыі Менгарвыканкаму Марыя Кіндзярэнка намеры свайго былога кіраўніка падтрымлівае:

«З майго пункту гледжаньня — гэта найбольш прымальная пазыцыя на сёньня. Бо…. Неяк так адразу абгрунтаваць свой пункт гледжаньня… Так будзе правільна».

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага, прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў правялі круглы стол па тэме выкананьня дзяржаўнай праграмы папулярызацыі беларускай мовы. Адзін з удзельнікаў круглага стала, прадстаўнік камітэту ў справах рэлігій Уладзімер Ламека ініцыятыву прадстаўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі пракамэнтаваў гэтак:

«Штучна скарачаць? Вось я чыноўнік, размаўляю па-беларуску, і ніхто мяне не скарачае».

Карэспандэнтка: «Гаворка пра расейскую, каб яе штучна не скарачаць, а беларускую не разьвіваць прымусова».

Ламека: «Ну… Ня ведаю… Кожны вольны выбіраць. Але выхаваньне ў нас павінна весьціся і на беларускай мове, асабліва ў сфэры адукацыі».

Новыя захады ўладаў адносна беларускай мовы палітыкай русіфікацыі называе намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч. Пра русіфікацыю сьведчаць і дадзеныя перапісу насельніцтва: калі ў 1999 годзе па-беларуску дома размаўлялі 36% жыхароў краіны, то ў 2009-м — толькі 23%, кажа яна:

Тамара Мацкевіч

Тамара Мацкевіч

«Ідзе зьнішчэньне ўсяго беларускага, каб мы не ўсьвядомілі сябе эўрапейскім народам нароўні з палякамі, літоўцамі, чэхамі, немцамі і гэтак далей. Каб мы не ўсьвядомілі, што дэмакратыя — нашая агульная каштоўнасьць, што прыватная ўласнасьць — нашая агульная каштоўнасьць. Калі б беларусы гэта ўсьвядомілі, то імі цяжэй было б маніпуляваць, а зараз можна навязваць і „старэйшага брата“, і гэтак далей. І ўсё дзеля аднаго — дзеля ўзурпацыі ўлады».

У Беларусі дагэтуль няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай вучэльні. Па-беларуску, паводле афіцыйнай статыстыкі, навучаецца меней за 20% школьнікаў. Гэта пры тым, што ў навучальным сэзоне 1994–1995 гадоў — калі Аляксандар Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады — у беларускамоўныя клясы пайшлі 75% першаклясьнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG