Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як знайсьці сябе ў сьпісе невыязных?

абноўлена

14 cакавіка стала вядомае імя яшчэ аднаго прадстаўніка дэмакратычных сілаў Беларусі, уключанага ўладамі ў сьпіс невыязных. Шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько, які ехаў у Літву, не прапусьцілі празь мяжу, як гэта раней здарылася з Анатолем Лябедзькам, Віктарам Карняенкам, Сяргеем Калякіным і Валянцінам Стэфановічам.

Палітыкі трапілі ў Літву праз Расею. Андрэй Дынько вымушаны быў вярнуцца з Гудагаю дызэлем да Маладэчна, а потым электрычкай у Менск. Ці ён разглядаў магчымасьць таксама паехаць праз Маскву?

«У маім выпадку гэта неяк нерацыянальна рабіць. Бо вельмі дорага ехаць праз Маскву. Я звычайна езьдзіў за мяжу для выступаў, лекцый і дакладаў. Тады часам проста паўстае пытаньне эканамічнай рацыянальнасьці ў такіх кругавых паездках. Бо траціцца шмат часу і грошай дадатковых».

Ніхто зь невыязных пакуль не атрымаў тлумачэньняў наконт прычын забароны на выезд. Віктар Карняенка сказаў:

«Вырашылі не хадзіць, а зьвярнуцца пісьмова. З улікам усіх акалічнасьцяў, тут пэўныя службы дурня строяць, нічога ня ведаюць. Таму няхай адказваюць, што нічога ня ведаюць, пісьмова, а не на словах. Я сустракаўся з праваабаронцамі, яны мне падрыхтуюць узор звароту, і сёньня я яго накірую ў тры інстанцыі».

Прадстаўнік Генпракуратуры Павал Радзівонаў раней заявіў, што апазыцыянэрам, якія заклікаюць да санкцыяў адносна афіцыйнага Менску, можа быць абмежаваны выезд за мяжу. Андрэй Дынько кажа, што ў сілу сваёй прафэсіі і спэцыялізацыі ніколі не выказваўся на тэму санкцыяў.

«Таму мой выпадак — гэта доказ таго, што насамрэч гэта звычайны сьпіс закладнікаў. Разумець, што ты ў закладніках, — гэта своеасаблівае пачуцьцё. Але таксама ёсьць разуменьне, што ў беларускіх умовах гэта вялікі гонар. Ня кожны можа такім пахваліцца».

У дзяржаўных структурах не тлумачаць, зь якіх прычын шэраг апазыцыйных палітыкаў і журналістаў не выпускаюць за мяжу. Прэс-сакратар Генпракуратуры Пётар Кісялёў запэўніў, што наконт гэтага Генпракуратура «адназначна не давала санкцыяў».

«Сьпісаў у нас няма. Я ж ужо казаў».

Паводле юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, тое, што для Андрэя Дынько і апазыцыйных палітыкаў вярнулі «жалезную заслону», сьведчыць, што ў краіне ня дзейнічае закон:

«Усе падставы для забароны на ўезд у краіну ці выезд зь яе прапісаныя ў адпаведным законе. І там гэты пералік вычарпальны. Наколькі я ведаю, ні пад адзін з выпадкаў, згаданых у законе, Дынько не падпадае. І таму мы бачым проста ігнараваньне заканадаўства і Канстытуцыі з боку дзяржаўных установаў».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, фільтрацыя на мяжы цяпер мае вельмі выразны характар. Памежнікі тармозяць менавіта тых людзей, якія з гледзішча ўлады ёсьць апазыцыянэрамі альбо нешта ня тое заяўляюць ці пішуць.

«Разам з тым тут ідзе гаворка пра такое ўжо парушэньне міжнародных нормаў і беларускага заканадаўства, што наўрад ці ўлада пойдзе на тое, каб афіцыйна абнародаваць гэты сьпіс. Але адпаведная інфа зьлівалася, намёк быў зроблены, зараз усе чыноўнікі круцяцца як вужы на патэльні, разводзяць рукамі, робяць выгляд, што нічога не разумеюць. Спроба апазыцыянэраў неяк тут дамагчыся праўды будзе як гарох аб сьцяну. Улада выбірае сваю ўлюбёную тактыку дробнага фолу ці дробных паскудзтваў. Натуральна, гэта не трагедыя, жыцьцё на гэтым не сканчаецца. Вядома, яны атручваюць жыцьцё апазыцыі. Апазыцыя ў шырокім сэнсе, іншадумцы зараз робяцца закладнікамі рэжыму ў яго зацятым супрацьстаяньні з Захадам».

Як знайсьці сябе ў сьпісе невыязных: што кажа закон?


Закон Рэспублiкi Беларусь
20 верасьня 2009 году № 49-З

Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь

Артыкул 10. Парадак выкананьня рашэньняў аб часовым абмежаваньні права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь і аб дазволе выезду з Рэспублікі Беларусь на пэўны тэрмін

Дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь або іншая юрыдычная асоба, якія прынялі рашэньне аб часовым абмежаваньні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь, не пазьней аднаго дня з даты прыняцьця рашэньня аб часовым абмежаваньні права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь накіроўваюць грамадзяніну адпаведнае паведамленьне.


ПАЛАЖЭНЬНЕ
аб банку дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежаванае


ЗАЦЬВЕРДЖАНА
Указ Прэзыдэнта
Рэспублікі Беларусь
2007/12/17 № 643
(У рэдакцыі Ўказу Прэзыдэнта
Рэспублікі Беларусь
2010/05/21 № 271)

ГЛАВА 5

ПРАДАСТАЎЛЕНЬНЕ ЗЬВЕСТАК, ЗЬМЕШЧАНЫХ У БАНКУ ДАДЗЕНЫХ

27. Грамадзянін мае права атрымаць інфармацыю аб наяўнасьці ў банку дадзеных зьвестак пра сябе і грамадзянаў, законным прадстаўніком якіх ён зьяўляецца.
Грамадзянін, які жадае атрымаць такія зьвесткі, не павінен абгрунтоўваць свой інтарэс да інфармацыі, пра якую ён пытаецца.

28. Зьвесткі, якія зьмяшчаюцца ў банку дадзеных, даюцца грамадзяніну ў форме даведкі (выпіскі) пры яго асабістым звароце ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў або дыпляматычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублiкi Беларусь.

Для атрыманьня даведкі (выпіскі) з банку дадзеных грамадзянін павінен прадставіць:

дакумэнт, які засьведчвае асобу заяўніка;

дакумэнт, які засьведчвае асобу грамадзяніна, законным прадстаўніком якога зьяўляецца заяўнік, і дакумэнт, які пацьвярджае паўнамоцтвы законнага прадстаўніка, – у выпадку, калі даведка (выпіска) з банку дадзеных запытваецца заяўнiкам у дачыненьні да грамадзяніна, законным прадстаўніком якога ён зьяўляецца.

Зьвесткі, якія зьмяшчаюцца ў банку дадзеных, даюцца бясплатна на запыт грамадзяніна не пазьней:

аднаго працоўнага дня з дня прадстаўленьня ім дакумэнтаў, указаных у частцы другой гэтага пункту, – пры звароце ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў;

дзесяці працоўных дзён з дня прадстаўленьня ім дакумэнтаў, указаных у частцы другой гэтага пункту, – пры звароце ў дыпляматычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублiкi Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG