Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хамайда: «Мяне ні за што пратрымалі ў пастарунку дзьве гадзіны»


Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда кажа, што міліцыянты парушылі ягоныя правы, бо затрымалі без прычыны і змарнавалі ягоны час.

У пастарунку спадар Хамайда мусіў правесьці 2 гадзіны 10 хвілін. Потым ён звярнуўся да дзяжурнага, і той сказаў, што актывіст можа быць вольным.

Хамайда: «За гэты час да мяне ніхто не падышоў, ніякіх папер не складалі і маіх асабістых дадзеных ніхто не перапытваў, хоць па дарозе ў Чыгуначны РАУС мне сказалі, што вязуць, каб спраўдзіць маю асобу. Калі я запытаўся, навошта мяне так доўга трымаюць, дзяжурны міліцыянт заявіў, што гэта пытаньне не да яго, а да тых, хто мяне затрымліваў. Затрымліваў мяне далёка не шараговец, а кіраўнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага РАУС, падпалкоўнік Катовіч. Размаўляць са мной ён ня выйшаў».

Апазыцыянэра затрымалі каля паловы на першую дня. Супрацоўнікі міліцыі падышлі да яго, калі Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна.

Пакуль спадар Хамайда зьбіраў рэчы, міліцэйскі апэратар здымаў гэта на відэа.

Нейкай асаблівай прычыны такой пільнай увагі да сябе Барыс Хамайда назваць ня можа: ён кажа, што апошні раз трапляў у пастарунак мінулай восеньню. А з тае пары яго распаўсюдніцкая дзейнасьць у цэнтры Віцебску ўвагі міліцыі не прыцягвала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG