Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапарлямэнт закліча перанесьці чэмпіянат зь Беларусі


Эўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі паведамляе, што заўтра Эўрапарлямэнт закліча «адабраць у Лукашэнкі чэмпіянат сьвету па хакеі-2014.»

Марэк Мігальскі, які ўдзельнічаў у выпрацоўцы рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі, на дыскусійным форуме salon24 цытуе праект рэзалюцыі:

Эўрапарлямэнт «заклікае нацыянальныя хакейныя фэдэрацыі краінаў-сябраў Эўразьвязу і ўсіх іншых дэмакратычных краінаў пераканаць міжнародную хакейную фэдэрацыю на наступным Кангрэсе, які пройдзе ў траўні ў Хэльсынкі, перагледзець сваё ранейшае рашэньне і перанесьці чэмпіянат сьвету па хакеі-2014 у іншую краіну, калі ўсе палітзьняволеныя, прызнаныя міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязьнямі сумленьня, ня будуць вызваленыя, і калі беларускія ўлады не дадуць выразных сыгналаў аб прыхільнасьці правам чалавека і вяршэнству закону.»

Марэк Мігальскі «на 100 працэнтаў упэўнены», што ў чацьвер гэтая рэзалюцыя будзе ўхваленая Эўрапарлямэнтам. «Гэта адзін з маіх лепшых дзён у Парлямэнце, — піша Мігальскі. — Трохмесячныя намаганьні скончыліся посьпехам.»

Ён прапануе дэпутатам зараз ціснуць на нацыянальныя хакейныя фэдэрацыі ў кожнай краіне. Сам асабіста Марэк Мігальскі ўжо накіраваў зварот на імя кіраўніка Польскай фэдэрацыі Зьдзіслава Енгелевіча.

«Такога маштабу падзеі ня могуць адбывацца ў краіне, дзе ёсьць палітвязьні, дзе катуюць апазыцыянэраў, дзе няма свабоды і дэмакратыі, — мяркуе Мігальскі. — Палітыкі зрабілі тое, што яны маглі, зараз справа за грамадзянскай супольнасьцю. Дык за справу! За асадкі і за клявіятуру!» — заклікае эўрадэпутат.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG