Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг грамадзкіх дзеячоў зьбіраюцца ў Варшаве, каб абмеркаваць, як упісацца ў рамкі «мадэрнізацыйнага дыялёгу ЭЗ для Беларусі». Іх апанэнты закідаюць ім імкненьне «адмыць» імідж Лукашэнкі ў Эўропе.

«Толькі ўдзел, кансалідацыя грамадзтва можа прывесьці да нейкіх вынікаў», — кажа прадстаўнік Нацыянальнай плятформы бізнэсу Ўладзімер Карагін у адказ на закіды пра абарону рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Я цяпер еду на канфэрэнцыю ў Варшаву, перадусім каб узяць удзел у кірмашы НДА, які адбудзецца заўтра ўвечары, каб распавесьці пра тое як мы фармуем і рухаем нацыянальную плятформу бізнэсу ў Беларусі, — заявіў Карагін «Свабодзе». — Я ня ў курсе некаторых палітычных пытаньняў і нічога не магу сказаць, але, я лічу, мы зараз вельмі замкнёная краіна, нашая грамадзянская супольнасьць вельмі замкнёная, і нам неабходна ўдзельнічаць абсалютна ва ўсіх імпрэзах, каб кожная арганізацыя магла данесьці свой пункт гледжаньня і сваю пазыцыю як свайму сэгмэнту, у якім працуе, так і мадэлі будучых адносінаў. Нам ня трэба закрывацца ні ад якіх праблем, і няўдзел у нейкіх мерапрыемствах, на маю думку, нічога не дае. І толькі ўдзел, кансалідацыя грамадзтва можа прывесьці да нейкіх вынікаў».

Мікалай Халезін

Мікалай Халезін

Уладзімер Карагін адрэагаваў такім чынам на блог кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалая Халезіна, дзе той піша пра сустрэчу прадстаўнікоў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, якая заплянаваная на 15 сакавіка ў Варшаве.

Сустрэчу ладзіць арганізацыя ПАКТ, якая, як піша Халезін, «надакучліва адмывае ў Эўропе імідж Аляксандра Лукашэнкі».

Пройдзе сустрэча ў офісе Інфармацыйнага бюро салідарнасьці зь Беларусьсю.

Будуць абмяркоўвацца наступныя тэмы: «Як упісацца ў рамкі мадэрнізацыйнага дыялёгу ЭЗ для Беларусі», «Стварэньне працоўных групаў па канкрэтных абласьцях рэформаў, фінансаваньне, кампаніі ў СМІ», «Стварэньне адміністрацыйных структураў», «Бясьпека і камунікацыйная стратэгія».

«Падобна, што сыстэма адмываньня і абароны рэжыму (...) функцыянуе і разьвіваецца. Цікава будзе даведацца пра пастановы гэтай „каардынацыйнай сустрэчы“, ад удзелу ў якой адмовіўся цэлы шэраг прадстаўнікоў трэцяга сэктару», — піша Халезін.

У імпрэзе возьмуць удзел Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Ягораў, Павал Усаў, Аляксандар Чубрык, Валерыя Касьцюгова, Вольга Стужынская і іншыя.

Кіраўніца «Інфармацыйнага бюро Салідарнасьці» Юлія Слуцкая патлумачыла Свабодзе:

Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая

«Гэта каардынацыйнае і працоўнае мерапрыемства. Мы запрасілі прадстаўнікоў самых розных экспэртных групаў зь Беларусі — з рознымі пазыцыямі і падыходамі. Але ўсе гэтыя групы думаюць пра будучыню Беларусі, пра тыя рэформы, якія былі б патрэбныя краіне. Вельмі хутка стартуе «Эўрапейскі дыялёг за мадэрнізацыю Беларусі». 29 сакавіка ў Брусэлі ён будзе аб’яўлены афіцыйна. Таму беларускім экспэртам, якія гэтай праблемай так ці інакш займаюцца, трэба дамовіцца пра каардынацыю. Як беларускія экспэрты могуць упісацца ў працу «Эўрапейскага дыялёгу за мадэрнізацыю Беларусі».

Кіраўніца «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская, якая бярэ ўдзел у сустрэчы, сказала, што пакуль няма канчатковага варыянту канцэпцыі «Эўрапейскага дыялёгу за мадэрнізацыю Беларусі».

Вольга Стужынская

Вольга Стужынская

​«Гэта афіцыйная ініцыятыва, якая будзе прадстаўлена напрыканцы сакавіка. Гэта называецца мадэрнізацыйным пакетам. У Варшаве сабраліся незалежныя экспэрты, патэнцыйныя ўдзельнікі гэтых працэсаў. Першапачатковыя кансультацыі з боку Эўразьвязу зь імі ўжо пачаліся».

Ірына Багданава, сястра кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Андрэя Саньнікава, распаўсюдзіла заяву: На сваёй старонцы ў Фэйсбуку я напісала: «Некалькі тыдняў таму са зьдзіўленьнем прачытала ў „Народнай волі“ пра тое, што я, Кацярына Статкевіч і Ева Някляева ўваходзім у раду Інфармацыйнага бюро салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.

Ірына Багданава

Ірына Багданава

Такая размова сапраўды адбылася ў лютым 2011 году. Але з той пары мне нават не паведамлялі пра мерапрыемствы, якія праводзіць гэтая арганізацыя, ня кажучы ўжо пра тое, каб далучаць да працы рады.

Некалькі дзён таму я даведалася пра сустрэчу на базе бюро, у якой удзельнічаюць арганізацыі, зь якімі мне, мякка кажучы, не па дарозе. Я выйшла з рады і прашу не асацыяваць маё імя зь дзейнасьцю Інфармацыйнага бюро салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю».

На пачатку лютага кіраўніца «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская прапанавала істотна скарэктаваць сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў. Гэтая прапанова спарадзіла гарачую грамадзкую дыскусію.

Былы кандыдат у прэзыдэнты, палітуцякач Алесь Міхалевіч распаўсюдзіў заяву, што Ўладзімер Пефціеў, якога называюць «збройным дылерам Лукашэнкі», нібыта прапанаваў мільён даляраў таму, хто даможацца выключэньня ягонага прозьвішча са сьпісу неўязных у краіны Эўразьвязу. Паводле Міхалевіча, сярод прэтэндэнтаў на мільён ад Пефціева можа быць Вольга Стужынская, якая пачала лабіраваць выключэньне групы з 25 чалавек на чале зь Пефціевым з «чорнага сьпісу». Вольга Стужынская зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG