Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У турме на Валадарскага абвясьцілі галадоўку вязьні


СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага

СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага

14 вязьняў СІЗА-1 адмаўляліся прымаць ежу. Копія іхнага звароту, датаваная 22 лютага, патрапіла да праваабаронцаў з аб’яднаньня «Плятформа».

Прозьвішчы ўдзельнікаў галадоўкі

Грыгор’еў
Дзіковіч
Зубкевіч
Казловіч
Лазікевіч
Лук’янаў
Нікітчанка
Пухальскі
Сварцэвіч
Сьвірковіч
Трашко
Шабовіч
Юрковіч
Януковіч

«Хочам заявіць, што спыняем ад 00 гадзінаў 00 хвілінаў 22 лютага 2012 г. усялякі прыём ежы. Просім адміністрацыю СІЗА-1 Менску зьняць нас з харчовага забесьпячэньня і спыніць прыём любых перадачаў на нашы прозьвішчы», — напісана ў лісьце.

Далей вязьні, справа якіх у той час слухалася ў Беларускім вайсковым судзе, тлумачаць прычыну свайго кроку: «Падчас папярэдняга расьсьледаваньня нашай крымінальнай справы супрацоўнікамі ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, з маўклівай згоды сьледчага Вашкевіча С.П., мелі месца грубыя парушэньні закону, што выявілася ў фальсыфікацыі матэрыялаў крымінальнай справы, ціску на сьведак, пацярпелых, абвінавачаных, з мэтай прымусіць іх даць патрэбныя паказаньні, штучным разьдзіманьні значнасьці нашай крымінальнай справы з мэтай дэманстрацыі нібыта высокіх паказчыкаў сваёй працы», — пішуць вязьні СІЗА-1.

Абвінавачаныя далей адзначаюць , што ўсё гэта пацьвердзілася ў судзе, калі «падчас слуханьняў каля 60 (!!!) сьведак, пацярпелых, абвінавачаных далі канкрэтныя паказаньні пра грубы ціск на іх з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ (Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. — РС)... Цалкам відавочна, што немагчыма прымусіць такую колькасьць зусім розных людзей адначасова пад прысягай агаворваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Аўтары ліста заклікаюць Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь «правесьці аб’ектыўную і ўсебаковую праверку грубых парушэньняў закону з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ МУС РБ, узяўшы яе правядзеньне пад асабісты кантроль».

Абвінавачаныя прыводзяць прыклады прававой сваволі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗ, якія неаднаразова заяўлялі падсьледным, што «судзьдзі будуць выносіць такія прысуды, якія патрэбныя ўпраўленьню барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю», і падкрэсьлівалі, што ГУБАЗ мае «неабмежаваны ўплыў на ўсе органы дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з-за наяўнага кампрамату на ўсіх службовых асобаў, у тым ліку службовых асобаў судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь».

Паводле фактаў, выкладзеных у дакумэнце, інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» накіравала звароты Генпракурору і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Беларусі.

Дзяжурны турмы заявіў «Свабодзе», што ня мае зьместак пра галадоўку вязьняў і што пра такое ня чуў.

Як паведаміла «Свабодзе» намесьніца кіраўніка «Плятформы» Алена Красоўская, пра ўчынак вязьняў «Валадаркі» праваабаронцам распавялі іхнія блізкія. Што сёньня з галадоўнікамі — сваякам невядома.

«Найбольш абурае і палохае тое, што людзі за кратамі сапраўды вычарпалі ўсе магчымасьці прыцягнуць увагу да сваёй крымінальнай справы, — адзначае Алена Красоўская. — Зьняволеныя ідуць на крайнія меры, а на іх часьцяком ужо ніхто не зьвяртае ўвагі... Чарговым разам „Плятформа“ мусіць з жалем канстатаваць, што адмова нашым супрацоўнікам у доступе ў беларускія пэнітэнцыярныя ўстановы адбіваецца найперш на лёсе нашых грамадзянаў за кратамі ды іхніх сем’яў на волі. З-за высокіх сьценаў калёніяў ды СІЗА людзі ня могуць дагрукацца да тых, хто павінен кантраляваць выкананьне законнасьці ў рэжымных установах. Каб быць пачутымі, яны вымушаныя ісьці на галадоўкі, ускрыцьцё венаў ды іншыя віды суіцыдаў», — заявіла Красоўская.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG