Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: Гэта стварэньне сьпісу закладнікаў


Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько ссадзілі з ранішняга цягніка «Менск — Вільня». Ён пракамэнтаваў сытуацыю карэспандэнтцы «Свабоды».

Дынько: «Для іх гэтыя сьпісы, відаць, справа яшчэ новая, і яны відавочна бянтэжыліся. Спачатку я пабачыў, як памежніца доўга вывучае мой пашпарт, і было зразумела, што нешта ня так. Пасьля яна пачала азірацца па баках, шукаючы падтрымкі. Затым выклікалі іншага чалавека, і ён мне патлумачыў, што мяне высаджваюць зь цягніка і я магу зьвярнуцца па інфармацыю па месцы рэгістрацыі. Гэткім чынам я застаўся, а цягнік пайшоў далей».

Карэспандэнтка: «Вы адзін былі высаджаныя зь цягніка?»

Дынько: «Адзін. З усяго цягніка адзін».

Карэспандэнтка: «Ці нешта падобнае здаралася з вамі раней, падчас наведваньня іншых краін?»

Дынько: «Не, ніколі. Я ўпершыню ў падобнай сытуацыі. Хоць я заўжды падарожнічаў, заўжды выступаў зь лекцыямі, дакладамі ў розных краінах як інтэлектуал і рэдактар. Зараз гэта стане немагчымым. Адначасна я разумею, што гэта ёсьць высокай ацэнкай працы «Нашай Нівы», сайта «nn.by» і мяне як інтэлектуала. Гэта кампэнсуе нязручнасьці — ня кожны ў Беларусі заслужыў такі «гонар».

Карэспандэнтка: «Ці будзеце вы зьвяртацца ў мясцовыя органы ўлады па тлумачэньні?»

Дынько: «Вядома, буду — гэта прынцыпова. Цікава таксама тое, што ўлады афіцыйна патлумачылі, што створаць сьпіс „невыязных“ для тых, хто выказваўся за санкцыі. Гэта не мая спэцыялізацыя, і я па пытаньнях санкцыяў ніколі не выказваўся. Мой выпадак — ён даказвае, што насамрэч гэта стварэньне сьпісу закладнікаў. Непрыемна, канечне, ведаць, што ты ў сьпісе закладнікаў, але, ведаючы, што творыцца ў нашай краіне, гэта таксама і непазьбежна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG