Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абысьці санкцыі?


Чаму летась павялічыўся экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у краіны Эўразьвязу? Ці будуць эфэктыўныя гіпатэтычныя санкцыі ЭЗ адносна гэтага экспарту? Свае адказы на гэтыя пытаньні дае аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак у артыкуле «Страхоўка ад санкцый», апублікаваным у апошнім нумары газэты. Прапануем вам публікацыю ў скароце.

Зьмякчыць нэгатыўны эфэкт у выпадку самага крайняга для краіны сцэнару — увядзеньня Эўропай эканамічных санкцый — Беларусь зможа за кошт магчымых варыянтаў супрацоўніцтва з расейскімі нафтавымі кампаніямі.

У выпадку гіпатэтычнага сцэнару найбольш адчувальнымі для нацыянальнай эканомікі маглі б стаць эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да экспарту беларускіх нафтапрадуктаў.

Паводле дадзеных мытнай статыстыкі за 2011 год, увесь беларускі экспарт у мінулым годзе павялічыўся ў параўнаньні з 2010 годам на 62,6% і склаў 41,1 млрд. даляраў. Ільвіную долю ў гэта ўнесьлі нафтапрадукты. Іх экспарт у вартасным выражэньні павялічыўся на 94,9%, або на 6,1 млрд. даляраў. Нафтапрадукты таксама пераважалі і ў таварнай структуры беларускага экспарту — яны склалі 30,5% ад яго агульнага аб’ёму ў вартасным выражэньні.

Дзякуючы новым умовам імпарту расейскай нафты (адмена расейскага мыта на нафту) Беларусь у 2011 годзе павялічыла экспарт нафтапрадуктаў на 39,2% — да 15,6 млн. т. У тым ліку ў Эўропу іх было прададзена 12,3 млн. т ( адбыўся рост на 39,6%).

У вартасным выражэньні нафтапрадукты склалі 22,3% усяго экспарту Беларусі на эўрапейскі рынак (або 9,2 млрд. USD). І калі яшчэ ў 2010 годзе доля Эўразьвязу ў беларускім экспарце складала 29%, то ў 2011 годзе дзякуючы росту экспарту нафты і нафтапрадуктаў яна павялічылася ўжо да 38,5%.

Па выніках 2011 году Беларусь дадала ў гандлі з Эўразьвязам больш за 7 млрд. даляраў, атрымаўшы станоўчае сальда памерам 6,5 млрд. даляраў (у 2010 годзе сальда было практычна нулявым).

Калі б на эўрапейскім рынку былі пастаўленыя бар’еры на шляху экспарту беларускага паліва на галоўны для яго эўрапейскі рынак, для беларускай эканомікі гэта рашэньне, безумоўна, стала б вельмі сур’ёзным выпрабаваньнем. Каб мінімізаваць нэгатыўны эфэкт і захаваць экспарт найбольш ліквіднай беларускай прадукцыі, экспартэрам давялося б заняцца пошукам найбольш аптымальных схем для прасоўваньня беларускай прадукцыі на эўрапейскі рынак.

Ужо з 2012 году расейскія кампаніі вярнуліся на давальніцкую перапрацоўку ў Беларусь. Цяпер расейскія пастаўшчыкі нафты ў Беларусь — «Газпромнефть», «ЛУКОЙЛ», «Роснефть», «Сургутнефтегаз» і ТНК-ВР — маюць права перапрацоўваць на беларускіх НПЗ палову ўзгодненага балянсам гадавога аб’ёму паставак нафты ў Беларусь (10,75 млн. т з 21,5 млн. т у гэтым годзе).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG