Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Курасоўшчыны змагаюцца за паліклініку


У менскім мікрараёне Курасоўшчына адбыўся сход жыхароў, якія пратэстуюць супраць продажу будынка дзяржаўнай стаматалягічнай паліклінікі прыватнай кампаніі «Промстройимпорт».

Мясцовыя ўлады адмовіліся сустрэцца зь людзьмі і не дазволілі ім сабрацца ў памяшканьні школы. У выніку сход адбыўся ў школьным двары.

Падчас папярэдняй сустрэчы мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі ўладаў Кастрычніцкага раёну Менску, якая адбылася 28 лютага ў актавай залі мясцовай школы № 97, з чыноўнікамі вусна дамовіліся пра новы сход з удзелам дэпутатаў раённага і гарадзкога саветаў у гэтай жа школе 12 сакавіка. Аднак, калі людзі прыйшлі да школы, то ў памяшканьне іх не пусьцілі, кажа адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы Леанід Скорабагаты:

«Дырэктар школы абвясьціў: актавая заля занятая, зьвяртайцеся да таго, хто прызначаў гэты сход. Тэлефануем мы галоўнаму ідэолягу, а ён кажа — маўляў, пытаньне вырашанае: грошы — 4 мільярды — вяртаем пакупніку, паліклініка застаецца ва ўласнасьці дзяржавы і нікуды выяжджаць ня будзе. Але, зноў жа, гэта толькі вусныя.... абяцанкі, скажам так».

Памяшканьне, дзе месьцілася раённая стаматалягічная паліклініка, набыла прыватная кампанія «Промстройимпорт», якая плянуе разьмясьціць у будынку камэрцыйны мэдычны цэнтар. Пра дзяржаўную паліклініку адміністрацыя Кастрычніцкага раёну абвясьціла, што яе перавядуць далёка адсюль, на вуліцу Варанянскага. Вусным заявам уладаў, што становішча выправілася, людзі ня вераць, кажа яшчэ адзін актывіст ініцыятыўнай групы Ўладзімер Сядзякін:

«Адкуль можа быць упэўненасьць, калі на словах абяцаюць разьвесіць абвесткі і даць магчымасьць сабрацца ў актавай залі, а на справе нічога няма? Калі на словах кажуць, што пытаньне закрытае, але ніякіх адпаведных дакумэнтаў людзі ня бачылі? Гэтае пытаньне пакуль застаецца вісець у паветры, і чым гэта завершыцца, прагназаваць вельмі цяжка».

Тым часам жыхары мікрараёну Курасоўшчына сабралі больш за 800 подпісаў пад зваротам да ўладаў краіны з пратэстам супраць таго, што на месцы дзяржаўнай стаматалягічнай паліклінікі адміністрацыя Кастрычніцкага раёну плянуе разьмясьціць камэрцыйны мэдычны цэнтар. Гаворыць удзельнік сходу:

«Я жыхар гэтага раёну, і калі даведаўся, што адзіную паліклініку ў нашым раёне хочуць к чорту на кулічкі перанесьці, то вельмі абурыўся. Гэта несправядліва, бо нашыя бацькі зараблялі грошы, плацілі падаткі, у тым ліку і на гэтую паліклініку, на так званую „бясплатную“ мэдыцыну, а цяпер гэтую паліклініку ў іх забіраюць. Я магу сабе дазволіць схадзіць у платны мэдычны цэнтар, а маім бацькам — аднаму 70, другому 80 гадоў — яны пэнсіянэры і ня маюць магчымасьці ў платны цэнтар хадзіць. У іх няма здароўя і на іншы край горада езьдзіць у паліклініку — у іх ледзь хапала здароўя сюды хадзіць. Яны нават на сход не змаглі гэты прыйсьці — я за іх прыйшоў, таму я — за справядлівасьць».

Як паведаміў Леанід Скорабагаты, калі большасьць удзельнікаў сходу разышлася, то яго і Ўладзімера Сядзякіна спынілі супрацоўнікі міліцыі і перапісалі пашпартныя зьвесткі, сказаўшы, што актывісты вельмі падобныя да выкрадальнікаў кампутараў. Падчас сходу і пасьля яго за людзьмі сачылі невядомыя людзі ў чорным.

Галоўны ідэоляг раёну Аляксандар Астаповіч паведаміў «Свабодзе», што на гэты момант яшчэ толькі пачаліся перамовы, каб управа аховы здароўя Менгарвыканкаму магла выкупіць памяшканьне паліклінікі ў кампаніі «Промстройимпорт». Як доўга працягнуцца перамовы, невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG