Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька распавёў Ажубалісу пра сьпіс невыязных


Невыязныя беларускія апазыцыянэры зьбіраюцца абскардзіць забарону на выезд і складзены беларускімі ўладамі «чорны сьпіс». Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пакуль не зьбіраецца вяртацца зь Літвы. Сёньня ў Вільні ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам.

У Міністэрстве ўнутраных спраў заяўляюць, што ім нічога не вядома пра існаваньне «чорнага сьпісу» беларускіх апазыцыянэраў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун сёньня пабываў у прэзыдэнцкай адміністрацыі. На просьбу карэспандэнта «Свабоды» патлумачыць прычыны таго, што шэраг беларускіх апазыцыянэраў не выпускаюць за мяжу, спадар Бягун сказаў:

Аляксей Бягун

Аляксей Бягун

«Асабіста ніхто мне ніякага распараджэньня не даваў іх пытаньнямі займацца. Я яшчэ не разьбіраўся. Да нас асабіста гэтыя людзі не зьвярталіся. СМІ вакол гэтага нейкую шуміху стварылі, людзі асабіста да нас не зьвярталіся. Я нічога не чытаю, інтэрнэт і апазыцыйную прэсу я таксама не чытаю. Да нас гэтыя людзі не зьвярталіся. Няхай зьвяртаюцца, існуе ўстаноўлены парадак».

Анатоль Лябедзька, Віктар Карняенка, Сяргей Калякін і Валянцін Стэфановіч, якіх беларускія памежнікі не прапусьцілі ў Літву, зьбіраюцца абскардзіць забарону на выезд. Лябедзька, які знаходзіцца ў Вільні, патлумачыў:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Па вяртаньні ў Беларусь я, канечне, зьвярнуся і ў пракуратуру, і ў МУС, і ў Памежны камітэт. Накірую гэтыя паперы, патрачу пэўны час на гэтую бюракратыю. Але мне самому цікава, якія адказы будуць сфармуляваныя. Я прайшоў ужо амаль праз усё. Таму такая сытуацыя зь нявыездамі ў мяне ўжо была. Я яшчэ некаторы час буду тут працаваць, выкарыстоўваючы мажлівасьць знаходжаньня тут. Як буду вяртацца? Вярнуся. Я ня вельмі тужуся ў думках гадаць, што там будзе. Што будзе, тое будзе».

Анатоль Лябедзька адзначае, што дзеяньні беларускіх уладаў паспрыялі ягонай сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Аўдронюсам Ажубалісам, якая адбылася 13 сакавіка. Ён адзначыў, што падчас размовы з Ажубалісам закраналася і сытуацыя са сьпісам невыязных беларускіх апазыцыянэраў:

«Я распавёў пра сёньняшнюю сытуацыю, выказаў стаўленьне да гэтага сьпісу. Я катэгарычна супраць таго, каб на сваім прыкладзе і на прыкладзе іншых калегаў спэкуляваць. І казаць, што, маўляў, давайце зараз адмаўляйцеся ад нейкіх сваіх рашэньняў, бо ў нас ёсьць нейкія праблемы. Не, гэта не такі падыход. Я зусім спакойна стаўлюся да тых патугаў улады забараніць выезд».

Паводле Лябедзькі, Ажубаліс заявіў, што нацыянальным інтарэсам Літвы адпавядае дэмакратычная, прагназавальная Беларусь. І што Літва будзе трымацца агульнаэўрапейскай стратэгіі, якая прынцыповая, пасьлядоўная і можа быць даволі жорсткай. Міністар замежных спраў Літвы паабяцаў падчас візыту ў ЗША падымаць беларускую тэму.

Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

Актывіста АГП Аляксандра Дабравольскага беларускія памежнікі ссадзілі зь цягніка для мытнага надгляду, калі ён вяртаўся зь Вільні ў Беларусь. Чарговага цягніка ён мусіў чакаць да раніцы. Камэнтуючы дзеяньні ўладаў, якія забаранілі выезд шэрагу апазыцыянэраў, Дабравольскі адзначыў:

«Гэта сьведчыць толькі пра тое, што закон у нашай краіне ня дзейнічае. Бо згодна з законам яны павінны паведаміць чалавеку, што ёсьць падставы абмежаваць ягонае права, якое гарантавана Канстытуцыяй, выяжджаць за мяжу. Калі чалавеку не паведамілі, то гэта проста сьведчыць, што ўлада не паважае закон».
XS
SM
MD
LG