Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На параду пракуратуры Алена Каваленка зьвярнулася ў суд


Алена Каваленка
Алена Каваленка

Жонка Сяргея Каваленкі Алена спрабуе ўратаваць яго, дамагаючыся пераводу ў шпіталь ці хоць бы зьмены меры стрыманьня. Прадстаўнікі грамадзкасьці зьбіраюцца абмеркаваць акцыі салідарнасьці зь вязьнем.

13 сакавіка Алена Каваленка ад імя мужа зьвярнулася з заявай у Першамайскі суд Віцебску да судзьдзі Алены Жук, якая судзіла Сяргея Каваленку. Жонка галадоўніка спрабуе дамагчыся, аб яму зьмянілі меру стрыманьня, што, на яе думку, можа дапамагчы спыніць галадоўку:

«Разумею, што судзьдзя будзе цягнуць час. Дагэтуль мае хадайніцтвы ў суд не разглядаліся, бо, маўляў, я не зьяўляюся ўдзельнікам працэсу. Таму заўтра гэтую ж заяву паўторыць яшчэ адвакат».

Параду зьвярнуцца ў суд Алене Каваленцы далі ў Генэральнай пракуратуры, куды жанчына зьвярталася ўчора, 12 сакавіка. Алена Каваленка згадала:

«Пракуратура не вырашае гэтага, яны сказалі. Калі б незаконна ўтрымлівалі, без дакумэнтаў ці што, яны б умяшаліся. А так — не. Мне патлумачыў такі начальнік Дарожка, зь якім я ўчора размаўляла».

Новых зьвестак пра стан здароўя мужа ў Алены Каваленкі няма. Паводле яе, учора муж важыў 51 кіляграм, тэмпэратура цела была паніжаная — 35,2 градусы.

Палітвязень, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец заклікаў тэрмінова стварыць грамадзкі камітэт ратаваньня Сяргея Каваленкі і правесьці 16 сакавіка, у дзень беларускай салідарнасьці, акцыі ў ягоную падтрымку:

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Калі ён такі выбар зрабіў, нашая задача — ня ціснуць на яго, бо пераламаць яго будзе немагчыма, а ціснуць на рэжым. Каб ён выпусьціў Сяргея. Пасьля гэтага можна будзе зь ім спрачацца, гэта правільна ці няправільна, эфэктыўна ці не. Але ў любым разе чалавек робіць адчайны, гераічны крок. Бо ён падымаў бел-чырвона-белы сьцяг, і ён бачыць страшэнную несправядлівасьць. У гэтай сытуацыі яго трэба падтрымаць усімі сіламі, усім, чым можам».

Грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька згодная з тым, што сваё слова пакуль ня кажа ў гэтай справе беларускае грамадзтва:

«Трэба ратаваць гэтага мужнага чалавека. Як мы калісьці не ўратавалі Яну Палякову, гэтак зараз не ўратоўваем Сяргея Каваленку. Мяркую, гэтыя справы падобныя. Мы павінны больш уважліва ставіцца да людзей, пакуль яны жывыя».

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую яму прысудзілі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG