Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: страта пазыцый — рублю на карысьць


13 сакавіка на адзінай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель пасьля працяглага часу ўмацаваньня зьнізіўся адносна ўсіх асноўных валют.

Адносна даляра рубель страціў 30 пунктаў, зафіксаваўшыся на адзнацы 8200. Эўра ўмацаваўся на 90 рублёў — да 10 800, расейскі рубель вырас на 2,5 рубля — да 278.

Ці азначае гэта, што Нацыянальны банк вымушаны ва ўмовах інфляцыі зьменшыць валютныя інтэрвэнцыі? Меркаваньне аналітыка кампаніі «Forex Club у Беларусі» Валерыя Палхоўскага:

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«Наша пазыцыя такая, што Нацыянальнаму банку самому не зашкодзіла б рубель пакрысе ўсё ж аслабляць, не трымаць яго любым коштам. Бо ўвесь апошні час рэальны абменны курс у нас пастаянна ўзмацняецца. То бок інфляцыя хоць і зьнізілася, але яна ўсё ж застаецца, а намінальны курс пры гэтым ня толькі трымаецца на ўзроўні, а яшчэ і ўмацоўваецца. А калі атрымліваецца, што рэальны абменны курс узмацняецца, то гэта ня вельмі добра найперш для экспартэраў. Асабліва ў сьвятле дзяржаўных плянаў на 1,5 мільярда даляраў, якія мы заклалі ў плюс па зьнешнім гандлі».

Аналітык кампаніі «BusinessForecast» Аляксандар Муха таксама схільны лічыць, што ўладам ня трэба баяцца нязначнага аслабленьня беларускага рубля. Тым больш што, на яго перакананьне, наўрад ці нацыянальнай валюце пагражае сумны досьвед мінулага году:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«Я думаю, калі нейкае зьніжэньне курсу беларускага рубля і будзе, то яно будзе насіць нашмат менш драматычны характар, чым у 2011 годзе. То бок у нас цяпер эканамічныя праблемы, вобразна кажучы, перамяшчаюцца з плоскасьці ўнутранага валютнага рынку, а таксама рынку спажывецкага, у плоскасьць рэальнага сэктару. Паколькі так ці інакш умовы жорсткай манэтарна-фіскальнай палітыкі могуць прывесьці да павелічэньні долі стратных прадпрыемстваў і да пагаршэньня фінансавага становішча прадпрыемстваў. Натуральна, зь іншымі спадарожнымі эканамічнымі праблемамі, у тым ліку з ростам беспрацоўя».

Пры гэтым аналітыкі не выключаюць значнага падзеньня вартасьці беларускага рубля ў разгар пасяўной кампаніі, калі дзяржава традыцыйна ўкідае ў аграрны сэктар вялізныя аб’ёмы непадмацаваных грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG