Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Антыамэрыканскія пратэсты ў Аўганістане пасьля гібелі мірных жыхароў


У горадзе Джэлалабад на ўсходзе Аўганістану сёньня некалькі сотняў студэнтаў правялі акцыю пратэсту ў сувязі з гібельлю ў правінцыі Кандагар з рук амэрыканскага вайскоўца 16 аўганцаў.

Дэманстранты прайшліся маршам па горадзе, выкрыкваючы антыамэрыканскія лёзунгі і заклікаючы да правядзеньня адкрытага суда ў Аўганістане над амэрыканцам, які 11 сакавіка забіў 16 цывільных аўганцаў, у тым дзевяцера дзяцей.

«Мы ня хочам ніякага стратэгічнага партнэрства з чужымі войскамі. Аўганцы — незалежны народ, і мы хочам жыць незалежна, мы ня хочам жыць пад калянізацыяй з боку нейкай іншай краіны. Мы рашуча асуджаем здарэньне ў Кандагары і заклікаем улады паставіць злачынцу перад судом» — сказаў адзін з пратэстоўцаў агенцтву Ройтэрз.

Раней кіраўнік Пэнтагону Леан Панэта заявіў, што амэрыканскі вайсковец, які падазраецца ў забойстве аўганцаў, узяты пад варту і што пачалося расьсьледаваньне трагічнага інцыдэнту.

Амэрыканскі афіцыйны прадстаўнік на ўмовах ананімнасьці паведаміў агенцтву Associated Press, што вайсковец ЗША, які падазраецца ў масавым забойстве ў правінцыі Кандагар, зьяўляецца звычайным сяржантам. У ноч на нядзелю, 11 сакавіка, ён адышоўся ад сваёй часткі на паўкілямэтра і адкрыў бязладную стральбу па сьпячых сем’ях аўганцаў ў дзьвюх вёсках. Матывы яго ўчынку невядомыя.

«Гэты інцыдэнт трагічны і жудасны, і ён не адлюстроўвае выдатных асабістых якасьцяў нашых вайскоўцаў ды павагу Злучаных Штатаў да народу Аўганістану» — адзначыў прэзыдэнт Барак Абама ў заяве, у якой ён падтрымаў намер міністра абароны ЗША Панэты неадкладна правесьці расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Некаторыя амэрыканскія кангрэсмэны, як дэмакраты, так і рэспубліканцы, выступаючы 11 сакавіка на вядучых тэлеканалах, падкрэсьлівалі, што шматгадовыя баявыя дзеяньні трымаюць вайскоўцаў ЗША ў стане стрэсу. Яны заклікалі да вываду амэрыканскіх войскаў з Аўганістану да канца 2014 года, як было абяцана адміністрацыяй Абамы.

Але былі і галасы супраць пасьпешлівых дзеяньняў у справе выхаду з Аўганістану.

«Нам ня варта забываць, што карані нападу на Злучаныя Штаты 11 верасьня 2001 голу вялі ў Аўганістан. І калі Аўганістан спаўзе ў сытуацыю хаосу, у якой талібы атрымаюць верх, краіна зь лёгкасьцю зноў ператворыцца ў базу аль-Кайды для нападу на Злучаныя Штаты Амэрыкі» — заявіў рэспубліканскі сэнатар Джон Маккэйн.

Амэрыканскія назіральнікі баяцца, што разьня ў Кандагары можа зноў выклікаць хваляваньні, якія ўскладняць для Міжнароднай кааліцыі пераход да заключнага этапу місіі ў Аўганістане перад выхадам з гэтай краіны ў 2014 годзе.
XS
SM
MD
LG