Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаградаву далі сем сутак


Павал Вінаградаў ля будынку Маскоўскага суду.

Павал Вінаградаў ля будынку Маскоўскага суду.

Судзьдзя Маскоўскага раённага суду сталіцы Яўген Хадкевіч вынес пастанову па адміністрацыйнай справе актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. Вінаградаў адседзіць сем сутак адміністрацыйнага арышту.

Сёньня было трэцяе судовае паседжаньне па справе Вінаградава. 5 сакавіка судзьдзя Хадкевіч вярнуў дакумэнты і пратаколы ў Маскоўскі РУУС на дапрацоўку. А 12 сакавіка запрасіў новага сьведку — супрацоўніка Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, што на Акрэсьціна, спадара Гасьперчыка.

Паводле сьведкаў-міліцыянтаў, Паўла Вінаградава вызвалілі з Акрэсьціна 2 сакавіка пасьля 10-дзённага арышту ў 18:35. А крыху пазьней яго затрымалі на ганку крамы «Базар», што ў Малінаўцы. Ён быццам крычаў там: «Я на свабодзе!» і нецэнзурна лаяўся.

Паводле самога Паўла Вінаградава, яго і не выпускалі 2 сакавіка з Акрэсьціна, а пасадзілі ў «варанок» і прывезьлі ў пастарунак па вуліцы Ясеніна. З вакна яму паказалі краму, дзе быццам бы ён лаяўся.

Сёньня на судзе дапыталі ў якасьці сьведкі міліцыянта з Акрэсьціна Гасьперчыка. Ён сьцьвярджаў, што асабіста вызваліў Вінаградава ў 18:35. Камэры назіраньня на будынку Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у гэты час чамусьці не працавалі. Сябры Паўла, блізу 15 чалавек, бацька і жонка ў гэты час чакалі яго каля будынка. Аднак Павал ня выйшаў.

І толькі а палове на дзясятую вечара зь міліцыі патэлефанавалі жонцы і сказалі, што Паўла зноў затрымалі.

13 сакавіка Паўлу вынесьлі 7 сутак адміністрацыйнага арышту. З улікам таго, што трое сутак ён ужо адседзеў, Вінаградаву трэба яшчэ адбыць на Акрэсьціна чацьвёра сутак.

Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай перад пачаткам суду.

Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай перад пачаткам суду.

Падтрымаць Паўла прыйшоў і Сяргей Казакоў (зьлева)

Падтрымаць Паўла прыйшоў і Сяргей Казакоў (зьлева)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG